Пасланні Апосталаў і Апакаліпсіс
Другое Саборнае Пасланне святога Апостала Пятра
Раздзел 3
1. Гэта ўжо другое пасла́нне пішу вам, узлю́бленыя; у іх напамíнам абуджа́ю ваша чы́стае мы́сленне,
2. каб вы па́мяталі словы, раней ска́заныя святы́мі праро́камі, і перада́дзеную апосталамі вашымі за́паведзь Госпада і Спасіцеля:
3. найперш ве́дайце, што ў апо́шнія дні пры́йдуць наха́бныя глумлíўцы, якія жыву́ць паво́дле сваіх ула́сных пажа́днасцей
4. і ка́жуць: «дзе абяца́нне прышэ́сця Яго? бо з таго часу, як спачы́лі айцы, усё застае́цца такім са́мым ад пача́тку стварэ́ння».
5. Скры́та ад іх, бо са́мі таго хо́чуць, што неба было́ здаўна́ і зямля ўтво́рана з вады́ і вадою па слову Божаму;
6. таму тагача́сны свет загíнуў, пато́плены вадою.
7. А цяпе́рашнія неба і зямля́, захава́ныя тым самым Словам, зберага́юцца для агню́ на дзень суда́ і пагíбелі бязбо́жных людзе́й.
8. Адно тое няхай не будзе скры́та ад вас, узлю́бленыя, што ў Госпада адзін дзень — як ты́сяча гадоў, і ты́сяча гадоў — як адзін дзень.
9. Не мару́дзіць Гасподзь з абяца́ным, як некато́рыя лíчаць, што гэта мару́длівасць, а доўга це́рпіць Ён нас, не жада́ючы, каб хто загíнуў, але каб усе прыйшлí да пакая́ння.
10. Дзень жа Гасподні пры́йдзе, як зло́дзей уначы́, і тады нябёсы з гру́катам міну́ць, стыхíі ж, распа́леныя, разбу́рацца, а зямля і ўсё, што на ёй, будзе спа́лена.
11. Калі так усё гэта разбу́рана будзе, то якімі павíнны быць у святы́м жыццí і набо́жнасці вы,
12. што чака́еце і жада́еце прышэ́сця дня Божага, калі нябёсы, палымне́ючы, разбу́рацца і распа́леныя стыхíі распла́вяцца?
13. Але мы чака́ем, паво́дле Яго абяца́ння, новага неба і новае зямлí, на якіх пра́веднасць жыве́.
14. Таму, узлю́бленыя, чака́ючы гэтага, пастара́йцеся, каб Ён знайшо́ў вас незапля́мленымі і беззага́ннымі, у мíры;
15. і доўгацярпе́нне Госпада нашага лічы́це спасе́ннем, як і ўзлю́блены брат наш Павел, паводле да́дзенай яму праму́драсці, напіса́ў вам,
16. як ён гаворыць пра гэта і ва ўсіх пасла́ннях, у якіх ёсць нешта ця́жкае для разуме́ння, што недасве́дчаныя і неўмацава́ныя перакру́чваюць, як і іншыя Піса́нні, на сваю ўла́сную пагібель.
17. Дык вы, узлю́бленыя, ве́даючы пра гэта за́гадзя, сцеражы́цеся, каб вам не падда́цца аблу́дзе беззако́ннікаў і не адпа́сці ад таго, у чым вы ўмацава́ны,
18. узраста́йце ж у благада́ці і пазна́нні Госпада нашага і Спасіцеля Іісуса Хрыста. Яму слава і цяпер, і ў дзень ве́чны. Амíнь.