Пасланні Апосталаў і Апакаліпсіс
Да Ціта Пасланне святога Апостала Паўла
Раздзел 3
1. Нага́двай ім, каб падпарадко́ўваліся нача́льству і ўла́дам, каб былí пако́рлівымі і гато́вымі да ўсякай до́брай спра́вы,
2. каб нікога не зневажа́лі, не былí сварлíвымі, былí зычлíвымі, заўжды́ праяўля́лі лаго́днасць да ўсіх людзе́й.
3. Бо і мы калісьці былí неразу́мнымі, непако́рлівымі, аблу́днымі, былí раба́мі пажа́днасцей і ро́зных задавальне́нняў, жылí ў зло́бе і за́йздрасці, былí агíднымі, ненавíдзелі адзін аднаго́.
4. Калі ж я́ўлены былí благада́ць і чалавекалю́бства Спасіцеля нашага, Бога,
5. то не за спра́вы пра́ведныя, якія мы здзе́йснілі, а па Сваёй мíласці Ён спас нас праз купе́ль новага нараджэ́ння і абнаўле́ння Ду́хам Святы́м,
6. Якога вы́ліў на нас шчо́дра праз Іісуса Хрыста, Спасіцеля нашага,
7. каб, апраўда́ныя Яго благада́ццю, мы, як спадзяёмся, ста́лі спадкае́мцамі жыцця́ ве́чнага.
8. Ва́ртае ве́ры сло́ва гэ́тае; і я жада́ю, каб ты ў гэтым перако́нваў тых, хто ўве́раваў у Бога, каб яны намага́ліся быць пе́ршымі ў до́брых спра́вах: гэта до́бра і кары́сна для людзе́й.
9. Ад неразу́мных жа по́шукаў, спрэ́чак пра радасло́ўі, і сва́рак, і змага́нняў зако́нніцкіх ухіля́йся, бо яны непатрэ́бныя і ма́рныя.
10. Чалаве́ка-ератыка́, пасля аднаго і другога папярэ́джання, пазбяга́й,
11. ве́даючы, што сапсава́ны ён і грашы́ць, тым самым асуджа́ючы сябе само́га.
12. Калі прышлю́ да цябе Арце́му або Цíхіка, паспяша́йся прыйсцí да мяне ў Нíкапаль, бо я вы́рашыў там перазімава́ць.
13. Зíну-зако́нніка і Апало́са пастара́йся сабра́ць у даро́гу так, каб у іх ні ў чым не было́ недахо́пу.
14. Няха́й і нашы ву́чацца быць пе́ршымі ў до́брых спра́вах для задавальне́ння пíльных патрэ́б, каб не быць бяспло́днымі.
15. Віта́юць цябе ўсе, хто са мною. Віта́й тых, хто лю́біць нас у ве́ры. Благада́ць з усімі вамі. Амінь.