Пасланні Апосталаў і Апакаліпсіс
Да Ціта Пасланне святога Апостала Паўла
Раздзел 2
1. А ты гавары́ тое, што адпавяда́е здаро́ваму вучэ́нню:
2. каб стары́я мужчы́ны былí цвяро́зымі, пава́жнымі, разва́жлівымі, здаро́вымі ў веры, у любові, у цярплíвасці;
3. каб стары́я жанчы́ны такса́ма паво́дзілі сябе добрапрысто́йна, не былі паклёпніцамі, не злоўжыва́лі віно́м, навуча́лі дабру́,
4. каб настаўля́лі маладзíц любíць мужо́ў, любíць дзяце́й,
5. быць разва́жлівымі, чы́стымі, гаспада́рлівымі, до́брымі, пако́рлівымі сваім мужа́м, каб сло́ва Божае не зневажа́лася;
6. юнако́ў таксама настаўля́й быць разва́жлівымі.
7. Ва ўсім падава́й сабою пры́клад добрых спраў, у вучэ́нні — непару́шнасць, пава́жнасць, непашко́джанасць,
8. сло́ва здаро́вае, бездако́рнае, каб супрацíўнік быў пасаро́млены, не ма́ючы сказаць пра нас нічога ке́пскага.
9. Рабо́ў настаўля́й падпарадко́ўвацца сваім гаспадара́м, ва ўсім дагаджа́ць, не пярэ́чыць,
10. не кра́сці, а праяўля́ць усю добрую ве́рнасць, каб яны ва ўсім былí ўкра́саю вучэ́ння Спасіцеля нашага Бога.
11. Бо з’явíлася благада́ць Божая, спасíцельная для ўсіх людзе́й,
12. якая навуча́е нас, каб мы, адмо́віўшыся ад бязбо́жнасці і ад пажа́днасцей све́ту гэтага, жылí ў гэтым ве́ку разва́жліва, пра́ведна і набо́жна,
13. чака́ючы здзяйсне́ння блажэ́ннай надзе́і і яўле́ння сла́вы вялíкага Бога і Спасіцеля нашага Іісуса Хрыста,
14. Які адда́ў Сябе за нас, каб вы́купіць нас з пало́ну ўсякага беззако́ння і ачы́сціць для Сябе народ, які б нале́жаў выклю́чна Яму і быў руплíвы ў до́брых спра́вах.
15. Гэта гавары́, і настаўля́й, і выкрыва́й з усёю ўла́даю; няхай ніхто не пагарджа́е табою.