Пасланні Апосталаў і Апакаліпсіс
Да Ціта Пасланне святога Апостала Паўла
Раздзел 1
1. Павел, раб Божы і Апо́стал Іісуса Хрыста дзе́ля ве́ры абра́ных Божых і спазна́ння ісціны, якая прыво́дзіць да набо́жнасці,
2. у надзе́і на жыццё ве́чнае, якое паабяца́ў праўдзíвы ў сло́ве Бог ране́й часо́ў адве́чных,
3. а ў нале́жны час явíў сло́ва Сваё ў про́паведзі, даве́ранай мне па зага́ду Спасіцеля нашага, Бога, —
4. Цíту, сапра́ўднаму сы́ну па супо́льнай ве́ры: благада́ць, мíласць і мір ад Бога Айца і Госпада Іісуса Хрыста, Спасіцеля нашага.
5. Дзе́ля таго я пакíнуў цябе на Кры́це, каб ты недако́нчанае завяршы́ў і паста́віў па ўсіх гарада́х прасвíтараў, як я табе нака́зваў:
6. калі хто беззага́нны, адной жо́нкі муж, дзяце́й ма́е ве́руючых, якіх нельга абвінава́ціць у распу́сце або непако́рлівасці.
7. Бо епíскап павíнен быць беззага́нны як Божы домаўпра́ўнік, не сваяво́льны, не гняўлíвы, не п’я́ніца, не задзíрысты, не кары́слівы,
8. а гасцíнны, дабралюбíвы, разва́жлівы, справядлíвы, набо́жны, стры́маны,
9. павінен трыма́цца пра́вільнага сло́ва, адпаве́днага вучэ́нню, каб ён быў здо́льны і настаўля́ць у здаро́вым вучэ́нні, і выкрыва́ць тых, хто працíвіцца.
10. Бо ёсць шмат і непако́рлівых, пустасло́ваў і падма́ншчыкаў, асаблíва з абрэ́заных,
11. якіх трэба прыму́сіць замаўча́ць: яны разбура́юць цэ́лыя се́м’і, навуча́ючы дзе́ля гане́бнай кары́сці таму, чаму не нале́жыць вучы́ць.
12. Сказа́ў жа не́хта з іх, іх ула́сны вяшчу́н: «Крыця́не заўсёды лгуны́, злы́я звяры́, пражэ́рлівыя гультаí».
13. Све́дчанне гэтае праўдзíвае. З гэтай прычы́ны выкрыва́й іх стро́га, каб яны былí здаро́вымі ў ве́ры,
14. каб не зважа́лі на Іудзе́йскія ба́йкі і ўстанаўле́нні людзе́й, якія адваро́чваюцца ад íсціны.
15. Для чы́стых усё чы́стае, для апага́неных жа і няве́рных няма нічога чы́стага, бо апага́нены і ро́зум іх, і сумле́нне.
16. Яны сцвярджа́юць, што зна́юць Бога; а спра́вамі сваімі адрака́юцца, бу́дучы агíднымі і непако́рлівымі і ні на якую до́брую спра́ву нязда́тнымі.