Пасланні Апосталаў і Апакаліпсіс
Да Цімафея другое Пасланне святога Апостала Паўла
Раздзел 4
1. Дык вось, я закліна́ю цябе перад Богам і Госпадам нашым Іісусам Хрыстом, Які будзе судзíць жывы́х і мёртвых пры яўле́нні Яго і ў Царстве Яго:
2. прапаве́дуй сло́ва, будзь насто́йлівы ў час і не ў час, выкрыва́й, дакара́й, падбадзёрвай з усёй доўгацярплíвасцю і з настаўле́ннем.
3. Бо наста́не час, калі здаро́вага вучэ́ння трыма́цца не будуць, а паво́дле сваіх хаце́нняў бу́дуць выбіра́ць сабе наста́ўнікаў, якія б ла́шчылі слых;
4. і ад ісціны адве́рнуць ву́шы і зве́рнуцца да ба́ек.
5. Але ты будзь пíльны ва ўсім, цярплíва перано́сь бе́ды, выко́нвай спра́ву дабраве́сніка, здзяйсня́й служэ́нне сваё.
6. Бо я ўжо станаўлю́ся ахвя́раю, і час майго адыхо́ду наста́ў.
7. По́дзвігам до́брым я падзвіза́ўся, шлях завяршы́ў, ве́ру захава́ў;
8. а цяпер прызна́чаны мне вяне́ц пра́веднасці, які дасць мне Гасподзь, Суддзя́ пра́ведны, у дзень той; і не толькі мне, але і ўсім, хто з любоўю чака́е яўле́ння Яго.
9. Пастара́йся прыйсцí да мяне ў ху́ткім ча́се.
10. Бо Дзіма́с пакíнуў мяне, узлюбíўшы цяпе́рашні век, і пайшоў у Фесало́ніку, Крыске́нт — у Гала́тыю, Ціт — у Далма́тыю; адзін Лука́ са мною.
11. Ма́рка вазьмí і прывядзí з сабою, бо ён мне патрэ́бны для служэ́ння.
12. Цíхіка я пасла́ў у Эфе́с.
13. Калі по́йдзеш, прынясí плашч, які я пакíнуў у Траа́дзе ў Ка́рпа, і кнігі, асабліва перга́ментныя.
14. Ме́днік Алякса́ндр многа зла зрабíў мне. Няха́й адпла́ціць яму Гасподзь паво́дле спраў яго.
15. Асцерага́йся і ты яго, бо ён вельмі працíвіўся нашым сло́вам.
16. Пры пе́ршым слу́ханні маёй спра́вы нікога не было́ са мною, а ўсе мяне пакíнулі. Няха́й гэта не залíчыцца ім!
17. Але Гасподзь явíўся мне і ўмацава́ў мяне, каб праз мяне распаўсю́дзілася дабраве́сце і пачу́лі яго ўсе язы́чнікі; і я быў вы́звалены з па́шчы льва.
18. І зба́віць мяне Гасподзь ад усякай спра́вы ліхо́й і зберажэ́ для Свайго Нябеснага Царства. Яму сла́ва на ве́кі вяко́ў. Амінь.
19. Віта́й Прыскíлу і Акíлу і дом Анісíфара.
20. Эра́ст заста́ўся ў Кары́нфе; а Трафíма я пакíнуў хво́рага ў Мілíце.
21. Пастара́йся прыйсцí да зімы́. Віта́юць цябе Эву́л і Пуд, і Лін і Клаўдзíя, і ўсе браты́.
22. Гасподзь Іісус Хрыстос з ду́хам тваім. Благада́ць з вамі. Амінь.