Пасланні Апосталаў і Апакаліпсіс
Да Цімафея другое Пасланне святога Апостала Паўла
Раздзел 3
1. Ве́дай жа тое, што ў апо́шнія дні наста́нуць часы́ ця́жкія.
2. Бо лю́дзі бу́дуць самалюбíвыя, срэбралюбíвыя, ганары́стыя, фанабэ́рыстыя, богазневажа́льнікі, бацька́м непако́рныя, няўдзя́чныя, бязбо́жныя, бессардэ́чныя,
3. бязлíтасныя, паклёпнікі, нястры́маныя, жо́рсткія, ненавíснікі дабра́,
4. здра́днікі, наха́бныя, пыхлíвыя, больш сласталюбíвыя, чым богалюбíвыя,
5. якія зне́шне пака́зваюць набо́жнасць, але ад сілы яе адраклíся. Такіх пазбяга́й.
6. Да іх нале́жаць тыя, што праніка́юць у дамы́ і зво́дзяць жанчы́н, якія патана́юць у граха́х і апанава́ны ро́знымі пажа́днасцямі,
7. якія заўсёды ву́чацца і ніколі не могуць дайсці да спазна́ння ісціны.
8. Як Іанíй і Іамвры́й працíвіліся Маісе́ю, так працíвяцца ісціне і яны, лю́дзі з сапсава́ным ро́зумам, недасве́дчаныя ў ве́ры.
9. Але яны не мно́гага дасягну́ць; бо іх бязглу́здасць для ўсіх ста́не відаво́чнай, як і з тымі ста́лася.
10. А ты стаў маім паслядо́ўнікам у вучэ́нні, жыцці, мэ́тах, ве́ры, доўгацярпе́нні, любо́ві, сто́йкасці,
11. у гане́ннях, паку́тах, якія вы́палі мне ў Антыяхíі, Іканíі, Лíстрах; такія гане́нні я перанёс, і ад усіх зба́віў мяне Гасподзь.
12. Ды і ўсе, хто хоча жыць набо́жна ў Хрысце Іісусе, будуць цярпе́ць гане́нні;
13. а ліхíя лю́дзі і ашука́нцы будуць станавíцца яшчэ го́ршымі, уво́дзячы ў падма́н і бу́дучы падма́нутымі.
14. Ты ж трыма́йся таго, чаму наву́чаны і што́ табе даве́рана, бо ве́даеш, кім ты наву́чаны;
15. і яшчэ з мале́нства ты ве́даеш свяшчэ́нныя піса́нні, якія мо́гуць умудры́ць цябе на спасе́нне праз веру ў Хрыста Іісуса.
16. Усё Піса́нне — боганатхнёнае і кары́снае для навуча́ння, для выкрыва́ння, для выпраўле́ння, для настаўле́ння ў пра́веднасці,
17. каб быў даскана́лым Божы чалаве́к, да ўсякай до́брай спра́вы падрыхтава́ным.