Пасланні Апосталаў і Апакаліпсіс
Да Цімафея другое Пасланне святога Апостала Паўла
Раздзел 2
1. Ты ж, сы́не мой, умацо́ўвайся ў благада́ці, якая ў Хрысце Іісусе,
2. і што́ чуў ад мяне пры многіх све́дках, тое перада́й ве́рным лю́дзям, якія здо́льныя будуць і іншых навучы́ць.
3. Ты ж перано́сь ця́жкасці, як до́бры во́ін Іісуса Хрыста.
4. Нія́кі во́ін не звя́звае сябе́ жыце́йскімі спра́вамі, каб дагадзíць военача́льніку.
5. Калі ж хто і змага́ецца, то не будзе ўвянча́ны, калі ён незако́нна будзе змага́цца.
6. Земляро́б, які працу́е, пе́ршым павíнен атрыма́ць сваю ча́стку пладо́ў.
7. Абду́май тое, што я кажу́. Няха́й дасць табе Гасподзь разуме́нне ва ўсім.
8. Па́мятай уваскрэ́слага з мёртвых Госпада Іісуса Хрыста, ад се́мені Давíдавага, паво́дле дабраве́сця майго,
9. за якое я паку́тую аж да кайдано́ў, як злачы́нец; але на слова Божае няма кайдано́ў.
10. Таму я ўсё цярплю́ дзе́ля абра́ных, каб і яны атрыма́лі спасе́нне ў Хрысце Іісусе са сла́ваю ве́чнаю.
11. Ва́ртае ве́ры сло́ва: калі мы з Ім паме́рлі, то з Ім і ажывём;
12. калі це́рпім, то з Ім і ца́рстваваць будзем; калі адрачо́мся, то і Ён адрачэ́цца ад нас;
13. калі мы няве́рныя, то Ён застае́цца ве́рным, бо ад Сябе адрачы́ся не можа.
14. Гэта нага́двай, перад Госпадам закліна́ючы не ўступа́ць у сва́ркі, ад якіх няма ніякай кары́сці, а толькі згу́ба слухача́м.
15. Стара́йся праявíць сябе перад Богам го́дна, як працаўнíк бездако́рны, які пра́вільна выклада́е сло́ва ісціны.
16. А няго́днага пустасло́ўя пазбяга́й; бо хто займа́ецца ім, тыя яшчэ больш будуць памнажа́ць бязбо́жнасць,
17. і слова іх, як гангрэ́на, будзе раз’яда́ць усё. Да іх нале́жаць Імяне́й і Філíт,
18. якія ўхілíліся ад ісціны, ка́жучы, што ўваскрасе́нне ўжо было́, і разбура́юць у некато́рых ве́ру.
19. Аднак трыва́лы падму́рак Божы стаíць, ма́ючы пяча́ць гэтую: «спазна́ў Гасподзь Сваіх» і «няха́й адсту́піць ад няпра́ўды кожны, хто вызнае́ імя́ Гасподняе».
20. А ў вялікім доме ёсць по́суд не толькі залаты́ і сярэ́браны, але і драўля́ны і гліня́ны; і адзін у пачэ́сным, а другі ў нíзкім ужы́тку.
21. Дык вось, хто ачы́сціць сябе ад гэтага, той будзе пасу́дзінай пачэ́снай, асвячо́най і патрэ́бнай Гаспадару́, гато́вай да ўсякай до́брай спра́вы.
22. А юна́цкіх пажа́днасцяў пазбяга́й, імкнíся ж да пра́ўды, ве́ры, любо́ві, міру з усімі, хто закліка́е Го́спада ад чы́стага сэ́рца.
23. Ад неразу́мных і бязглу́здых спрэ́чак ухіля́йся, ве́даючы, што яны спараджа́юць сва́ркі;
24. рабу́ ж Гаспо́дняму не́льга свары́цца, а трэ́ба быць прыя́зным да ўсіх, здо́льным навуча́ць, цярплíвым,
25. з лаго́днасцю настаўля́ць працíўнікаў — ці не дасць ім Бог пакая́ння для спазна́ння ісціны,
26. каб яны вы́зваліліся з па́сткі дыя́вала, які паланíў іх для выкана́ння яго во́лі.