Пасланні Апосталаў і Апакаліпсіс
Да Цімафея другое Пасланне святога Апостала Паўла
Раздзел 1
1. Павел, во́ляю Бо́жаю Апо́стал Іісуса Хрыста, паво́дле абяца́ння жыцця́ ў Хрысце Іісусе, —
2. Цімафе́ю, узлю́бленаму сы́ну: благада́ць, мíласць, мір ад Бога Айца і Хрыста Іісуса, Госпада нашага.
3. Дзя́кую Богу, Якому служу́ ад про́дкаў у чы́стым сумле́нні, што не перастаю́ паміна́ць цябе ў малíтвах маіх уно́чы і ўдзень;
4. па́мятаючы слёзы твае, я пра́гну ўба́чыць цябе, каб мне напо́ўніцца ра́дасцю;
5. прыга́дваю сабе тваю некрываду́шную веру, якую ране́й ме́ла бабу́ля твая Лаíда і маці твая Яўнíкія; упэ́ўнены, што і ты ма́еш яе.
6. З гэтай прычы́ны напаміна́ю, каб ты падтры́мліваў у сабе агонь да́ру Божага, які ў табе праз усклада́нне рук маіх;
7. бо даў нам Бог не дух баязлíвасці, а дух сілы, і любові, і разва́жнасці.
8. Таму не саро́мейся ні све́дчання пра Госпада нашага Іісуса Хрыста, ні мяне, вя́зня Яго; а паку́туй ра́зам са мною за дабраве́сце Хрысто́ва сíлаю Бога,
9. Які спас нас і паклíкаў паклíканнем святы́м не паво́дле спраў нашых, а паво́дле Свайго прадустанаўле́ння і благада́ці, да́дзенай нам у Хрысце Іісусе ране́й часо́ў адве́чных,
10. а цяпе́р адкры́тай яўле́ннем Спасіцеля нашага Іісуса Хрыста, Які знíшчыў смерць і асвятлíў жыццё і нятле́ннасць дабраве́сцем,
11. для якога я паста́ўлены прапаве́днікам, і Апо́сталам, і наста́ўнікам язы́чнікаў.
12. З гэтай прычы́ны я і паку́тую так; але не саро́меюся. Бо ве́даю, у Каго я ўве́раваў, і ўпэ́ўнены, што Ён ма́е сілу зало́г мой захава́ць на той дзень.
13. Узо́ру здаро́вага вучэ́ння, якое ты чуў ад мяне, трыма́йся з вераю і любоўю ў Хрысце Іісусе.
14. Захо́ўвай до́бры зало́г сілаю Духа Святога, Які жыве́ ў нас.
15. Ты ве́даеш, што ўсе Асíйцы адвярну́ліся ад мяне; сярод іх Фíгел і Ермаге́н.
16. Няха́й дасць Гасподзь мíласць до́му Анісíфара за тое, што ён шмат разоў падтры́мліваў мяне і не пасаро́меўся ако́ваў маіх,
17. а калі быў у Рыме, з вялікім стара́ннем шука́ў мяне і знайшо́ў.
18. Няха́й дасць яму Гасподзь знайсці мíласць у Госпада ў той дзень; а колькі ён паслужы́ў мне ў Эфе́се, ты лепш ве́даеш.