Пасланні Апосталаў і Апакаліпсіс
Да Цімафея першае Пасланне святога Апостала Паўла
Раздзел 6
1. Усе, хто пад ярмо́м як рабы́, няха́й лíчаць гаспадаро́ў сваіх го́днымі ўся́кай паша́ны, каб не зневажа́лася імя́ Божае і вучэ́нне.
2. Тыя ж, у каго гаспадары́ ве́руючыя, няха́й не ста́вяцца да іх нядба́йна з-за таго, што яны браты́, а яшчэ больш няха́й слу́жаць ім, бо яны ве́руючыя і ўзлю́бленыя як удзе́льнікі дабрадзе́йства. Вучы́ гэ́таму і настаўля́й.
3. Калі не́хта навуча́е іншаму і не прытры́мліваецца здаро́вых слоў Госпада нашага Іісуса Хрыста і вучэ́ння, адпаве́днага набо́жнасці,
4. той узганары́ўся, нічога не ве́дае, а хваравíта захо́плены спрэ́чкамі і сва́ркамі, ад якіх узніка́юць за́йздрасць, зва́ды, блюзне́рства, ліхія падазрэ́нні,
5. суты́чкі паміж людзьмí з сапсава́ным ро́зумам і пазба́ўленымі ісціны, якія лíчаць набо́жнасць крынíцаю прыбы́тку. Трыма́йся ад такіх дале́й.
6. Вось вялікі прыбы́так — быць набо́жным і задаво́леным.
7. Бо мы нічога не прыне́слі ў свет; ясна, што і вы́несці з яго нічога не можам.
8. Дык, ма́ючы е́жу і во́пратку, бу́дзем задаво́лены гэтым.
9. А тыя, што хо́чуць быць бага́тымі, трапля́юць у спаку́су, і ў па́стку, і ў многія неразу́мныя і шко́дныя жада́нні, якія штурха́юць людзе́й у бяду́ і пагíбель;
10. бо ко́рань усякага зла — гэта срэбралю́бства, адда́ўшыся якому, некато́рыя ўхіліліся ад ве́ры і самі сабе прыне́слі мно́гія паку́ты.
11. Ты ж, чалаве́ча Божы, пазбяга́й гэтага, а імкнíся да пра́веднасці, набо́жнасці, ве́ры, любо́ві, цярплíвасці, лаго́днасці;
12. падзвіза́йся добрым по́дзвігам веры, стара́йся дасягну́ць ве́чнага жыцця́, да якога і паклíканы ты, і вы́знаў до́брае вызна́нне перад мно́гімі све́дкамі.
13. Перад Богам, Які ўсяму́ дае́ жыццё, і перад Хрыстом Іісусам, Які засве́дчыў перад По́нціем Піла́там до́брае вызна́нне, нака́зваю табе
14. зберагчы́ за́паведзь чы́стаю і бездако́рнаю да яўле́ння Госпада нашага Іісуса Хрыста,
15. якое ў свой час адкры́е блажэ́нны і адзíны Улада́р, Цар над цара́мі і Гасподзь над гаспадара́мі,
16. адзíны, Які ма́е бессмяро́тнасць, Які жыве́ ў святле́ непрысту́пным, Якога ніхто з людзе́й не ба́чыў і ба́чыць не можа. Яму паша́на і ўлада́рства ве́чнае! Амінь.
17. Бага́тых у цяпе́рашнім ве́ку настаўля́й, каб яны не ганары́ліся і спадзява́ліся не на бага́цце нетрыва́лае, а на Бога жыво́га, Які ўсё дае́ нам шчо́дра для здаво́лення;
18. каб яны рабілі дабро, багаце́лі до́брымі спра́вамі, былí шчо́дрымі і дзялíліся з іншымі,
19. тым са́мым збіра́ючы сабе скарб — добрую асно́ву на бу́дучае, каб дасягну́ць ве́чнага жыцця́.
20. О, Цімафе́й! даве́ранае табе захава́й, ухіля́ючыся ад нікчэ́мнага пустасло́ўя і супярэ́чнасцей ілжы́вых ве́даў;
21. вызнаючы́ іх, некато́рыя адступíлі ад веры. Благада́ць з табою. Амінь.