Пасланні Апосталаў і Апакаліпсіс
Да Цімафея першае Пасланне святога Апостала Паўла
Раздзел 5
1. Старо́га не дакара́й, а ўгаво́рвай, як ба́цьку; мало́дшых — як брато́ў;
2. стары́х жанчы́н — як ма́ці; малады́х — як сясцёр, з усёю чысцінёю.
3. Удо́ў шану́й — тых, якія сапраўды́ ўдо́вы.
4. Калі ж якая ўдава́ ма́е дзяце́й альбо ўну́каў, то няха́й яны ву́чацца спача́тку шанава́ць сваю сям’ю́ і аддава́ць нале́жнае бацька́м, бо гэта ўго́дна Богу.
5. Сапра́ўдная ж удава́, заста́ўшыся адзіно́каю, усклада́е надзе́ю на Бога і право́дзіць у прашэ́ннях і малíтвах ноч і дзень;
6. а якая раскашу́е, тая жыво́ю паме́рла.
7. І гэта нака́звай, каб яны былí беззага́ннымі.
8. Калі ж хто пра сваіх і асаблíва пра дама́шніх не клапо́ціцца, той адро́кся ад ве́ры і го́ршы за няве́руючага.
9. У спіс няха́й уно́сіцца ўдава́ не менш як шасцідзесяцігадо́вая, якая была́ жо́нкаю аднаго́ му́жа,
10. вядо́мая до́брымі ўчы́нкамі, калі яна вы́гадавала дзяце́й, калі была́ гасцíннаю, калі амыва́ла но́гі святы́м, калі падтры́млівала гаро́тных, калі была́ стара́ннаю ў ко́жнай до́брай спра́ве.
11. А малады́х удо́ў не прыма́й, бо з-за раско́шы яны аддаля́юцца ад Хрыста, хо́чуць за́муж;
12. яны заслуго́ўваюць асуджэ́ння, таму што адкíнулі ране́йшую ве́ру;
13. пры тым жа яны прывыка́юць да бяздзе́йнасці, хо́дзячы па дама́х, і яны не толькі бяздзе́йныя, але і балбатлíвыя, ле́зуць у чужы́я спра́вы і гаво́раць чаго не след.
14. Дык вось, я хачу, каб малады́я ўдо́вы выхо́дзілі за́муж, нараджа́лі дзяце́й, кірава́лі до́мам і не дава́лі працíўніку нія́кай зачэ́пкі для ганьбава́ння;
15. бо некато́рыя ўжо павярну́лі ўслед за сатано́ю.
16. Калі які ве́руючы альбо ве́руючая ма́е ўдоў, няха́й дапамага́е ім і не абцяжа́рвае Царкву, каб яна магла́ дапамага́ць сапра́ўдным удо́вам.
17. Прасвíтараў, якія до́бра кіру́юць, трэ́ба ўдасто́йваць падво́енай паша́ны, асаблíва — найбо́льш руплíвых у про́паведзі і навуча́нні.
18. Бо Піса́нне ка́жа: «не завя́звай ро́та валу́, які мало́ціць» і «працаўнíк ва́рты ўзнагаро́ды сваёй».
19. Ска́ргу на прасвíтара прыма́й не інакш, як пры двух альбо трох све́дках.
20. Тых, якія граша́ць, выкрыва́й перад усімі, каб і іншыя страх ме́лі.
21. Перад Богам і Госпадам Іісусам Хрыстом і абра́нымі Ангеламі закліна́ю цябе захава́ць гэта без прадузя́тасці, ні ў чым не кіру́ючыся прыхíльнасцю.
22. Рук ні на каго не ўсклада́й паспе́шліва і не ўдзе́льнічай у чужы́х граха́х; захо́ўвай сябе чы́стым.
23. Пі ўжо не толькі ваду́, а спажыва́й патро́ху віно, з-за стра́ўніка твайго і ча́стых тваіх не́мачаў.
24. Грахí некато́рых людзе́й я́ўныя і пра́ма вяду́ць да асуджэ́ння, а ў некато́рых выяўля́юцца пазне́й.
25. Таксама і добрыя ўчы́нкі — я́ўныя; а калі і не, то заста́цца скры́тымі не мо́гуць.