Пасланні Апосталаў і Апакаліпсіс
Да Цімафея першае Пасланне святога Апостала Паўла
Раздзел 4
1. Дух жа я́сна ка́жа, што ў апо́шнія часы́ адсту́пяць некато́рыя ад веры, схіля́ючыся да ду́хаў падма́ну і да вучэ́нняў дэ́манскіх,
2. праз крываду́шнасць ілгуно́ў з іх заклеймава́ным сумле́ннем,
3. якія забараня́юць жанíцца і ўжыва́ць е́жу, якую Бог ствары́ў для таго, каб ве́руючыя і тыя, што спазна́лі ісціну, прыма́лі яе з падзя́каю.
4. Бо ўсё, ство́ранае Богам, — до́брае, і не́льга адкіда́ць нічога, калі яно прыма́ецца з падзя́каю,
5. таму што яно асвяча́ецца сло́вам Божым і малíтваю.
6. Настаўля́ючы ў гэтым брато́ў, бу́дзеш до́брым служы́целем Іісуса Хрыста, узгадава́ным на сло́вах веры і на до́брым вучэ́нні, якое ты прыня́ў.
7. Няго́дных жа і ба́бскіх ба́ек цура́йся, а практыку́йся ў набо́жнасці;
8. бо цяле́снае практыкава́нне дае́ ма́ла кары́сці, а набо́жнасць — для ўсяго кары́сная, пако́лькі ма́е абяца́нне жыцця́ цяпе́рашняга і бу́дучага.
9. Сло́ва гэтае ва́рта даве́ру і заслуго́ўвае по́ўнага прызна́ння.
10. Бо таму і працу́ем мы, і ганьбава́нне це́рпім, што ўскла́лі надзе́ю на Бо́га жыво́га, Які з’яўля́ецца Спасíцелем усіх людзе́й, асаблíва ж — ве́руючых.
11. Прапаве́дуй гэта і вучы́.
12. Няха́й ніхто не пагарджа́е маладо́сцю тваёю; ты ж будзь узо́рам для ве́руючых — у сло́ве, у жыццí, у любо́ві, у ду́ху, у ве́ры, у чысцінí.
13. Паку́ль не прыйду́, займа́йся чыта́ннем, настаўле́ннем, вучэ́ннем.
14. Не занядба́й свайго да́ру, які да́дзены табе паво́дле праро́цтва з усклада́ннем рук свяшчэ́нства.
15. Пра гэта клапацíся, у гэтым трыва́й, каб по́спех твой быў для ўсіх відаво́чны.
16. Ува́жлівым будзь да сябе і да вучэ́ння, трыма́йся гэтага; бо, ро́бячы гэта, і сябе спасе́ш, і тых, што слу́хаюць цябе.