Пасланні Апосталаў і Апакаліпсіс
Да Цімафея першае Пасланне святога Апостала Паўла
Раздзел 3
1. Ва́ртае ве́ры сло́ва: калі хто да епíскапства імкне́цца, то до́брай спра́вы жада́е.
2. Епíскап жа павíнен быць беззага́нным, адной жо́нкі му́жам, цвяро́зым, разва́жлівым, добрапрысто́йным, сумле́нным, гасцíнным, здо́льным навуча́ць,
3. не п’я́ніцам, не задзíрыстым, не сварлíвым, не кары́слівым, а лаго́дным, міралюбíвым, несрэбралю́бным,
4. які добра кіру́е сваім до́мам, дзяце́й трыма́е ў паслушэ́нстве, з усёю го́днасцю;
5. бо хто не ўме́е кірава́ць сваім домам, ці ж будзе той клапацíцца пра Царкву Божую?
6. Не павíнен ён быць з нованаве́рнутых, каб не заганары́ўся і не тра́піў у асуджэ́нне дыя́вальскае.
7. Нале́жыць яму такса́ма мець до́брае све́дчанне ад зне́шніх, каб ён не апыну́ўся ў га́ньбе і не тра́піў у па́стку дыя́вала.
8. Дыя́каны такса́ма павíнны быць пава́жнымі, не двуду́шнымі, не пра́гнымі да віна́, не сква́пнымі,
9. каб та́йну ве́ры захо́ўвалі ў чы́стым сумле́нні.
10. Але і іх трэ́ба спача́тку выпрабо́ўваць, по́тым няха́й слу́жаць, калі беззага́нныя.
11. Гэтакса́ма і жо́нкі іх павíнны быць пава́жнымі, не паклёпніцамі, цвяро́зымі, ве́рнымі ва ўсім.
12. Дыя́кан павíнен быць адной жонкі му́жам, до́бра кірава́ць дзе́цьмі і сваім до́мам;
13. бо тыя, хто добра служы́ў, дасяга́юць высо́кага стано́вішча і вялікай адва́гі ў ве́ры ў Хрысце Іісусе.
14. Я гэта пішу́ табе, спадзеючы́ся прыйсцí да цябе неўзаба́ве;
15. калі ж я затрыма́юся, трэ́ба, каб ты ве́даў, як паво́дзіць сябе ў доме Божым, які ёсць Царква Бога жыво́га, стоўп і ўмацава́нне íсціны.
16. І прызна́на ўсімі, што вялікая набо́жнасці та́йна: Бог явíў Сябе ў пло́ці, апраўда́ў Сябе ў Ду́ху, паказа́ў Сябе А́нгелам, прапаве́даны быў у наро́дах, ве́раю прыня́ты ў све́це, узнёсся ў сла́ве.