Пасланні Апосталаў і Апакаліпсіс
Да Цімафея першае Пасланне святога Апостала Паўла
Раздзел 1
1. Павел, Апостал Іісуса Хрыста па нака́зу Бога, Спасіцеля нашага, і Госпада Іісуса Хрыста, надзе́і нашай, —
2. Цімафе́ю, сапра́ўднаму сы́ну ў веры: благада́ць, мíласць, мір ад Бога, Айца нашага, і Хрыста Іісуса, Госпада нашага.
3. Адпраўля́ючыся ў Македо́нію, я папрасіў цябе заста́цца ў Эфе́се і нака́зваць некато́рым, каб яны не вучы́лі нічо́му íншаму
4. ды не займа́ліся ба́йкамі і радасло́ўямі бяско́нцымі, якія слу́жаць больш узнікне́нню спрэ́чак, чым Божай заду́ме спасе́ння праз веру.
5. Мэ́та ж нака́зу ёсць любоў ад чы́стага сэ́рца, і до́брага сумле́ння, і некрываду́шнай ве́ры,
6. адступíўшы ад чаго, некато́рыя ўхілíліся ў пустасло́ўе,
7. жада́ючы быць законавучы́целямі, але не разуме́ючы ні таго, пра што гаво́раць, ні таго, што сцвярджа́юць.
8. А мы ве́даем, што закон добры, калі хто зако́нна ім карыста́ецца,
9. ве́даючы, што закон устано́ўлены не для пра́ведніка, а для беззако́нных і непако́рлівых, бязбо́жных і грэ́шных, нячы́стых і пага́ных, для забо́йцаў ба́цькі і ма́ці, для душагу́баў,
10. для блудніко́ў, мужало́жцаў, гандляро́ў людзьмí, паклёпнікаў, скатало́жцаў, ілгуно́ў, клятвапаруша́льнікаў і ў адно́сінах да ўсяго іншага, што супрацьстаíць здаро́ваму вучэ́нню,
11. паво́дле даве́ранага мне дабраве́сця сла́вы блажэ́ннага Бога.
12. Я дзя́кую Таму, Хто даў мне сілу, Хрысту Іісусу, Госпаду нашаму, што Ён прызна́ў мяне ве́рным, паста́віўшы на служэ́нне,
13. мяне, які ране́й быў богазневажа́льнікам, і ганíцелем, і крыўдзíцелем, але быў памíлаваны, таму што з-за няве́дання рабіў я так, у няве́р’і;
14. благада́ць жа Госпада нашага Іісуса Хрыста шчо́дра праявíлася ўва мне з ве́раю і любоўю ў Хрысце Іісусе.
15. Ва́ртае даве́ру і заслуго́ўвае по́ўнага прызна́ння сло́ва, што Хрыстос Іісус прыйшо́ў у свет спасцí грэ́шнікаў, з якіх пе́ршы — я.
16. Але для таго я быў памíлаваны, каб на мне пе́ршым Іісус Хрыстос паказа́ў усю доўгацярплíвасць, у пры́клад тым, якія бу́дуць ве́раваць у Яго дзе́ля жыцця́ ве́чнага.
17. А Цару́ вякоў нятле́ннаму, няба́чнаму, адзíнаму праму́драму Богу — паша́на і сла́ва на ве́кі вякоў. Амінь.
18. Даю́ табе, сы́не Цімафе́ю, зго́дна з ране́йшымі пра цябе праро́цтвамі, такі нака́з, каб ты змага́ўся адпаве́дна ім як до́бры во́ін,
19. ма́ючы ве́ру і до́брае сумле́нне, адкíнуўшы якое, некато́рыя пацярпе́лі крушэ́нне ве́ры;
20. сяро́д іх Імяне́й і Алякса́ндр, якіх я адда́ў сатане́, каб яны адвучы́ліся блюзне́рыць.