Пасланні Апосталаў і Апакаліпсіс
Да Фесаланікійцаў (Салу́нян) другое Пасланне святога Апостала Паўла
Раздзел 3
1. Дык вось, браты́, малíцеся за нас, каб сло́ва Гаспо́дняе ху́тка распаўсю́джвалася і праслаўля́лася, як і ў вас,
2. і каб мы былí пазба́ўлены ад няго́дных і злых людзе́й; бо не ва ўсіх ёсць вера.
3. Але ве́рны Гасподзь, Які ўмацу́е вас і захава́е ад злога.
4. І мы ў Госпадзе ўпэ́ўнены адно́сна вас, што вы ро́біце і бу́дзеце рабіць тое, што мы нака́зваем вам.
5. А Гасподзь няха́й скіру́е сэ́рцы вашы да любові Божай і цярплíвасці Хрыстовай.
6. Мы ж нака́зваем вам, браты́, íмем Госпада нашага Іісуса Хрыста, каб вы аддаля́ліся ад ко́жнага бра́та, які жыве́ бясчы́нна, а не паво́дле пада́ння, прыня́тага ад нас,
7. бо вы самі ве́даеце, як нале́жыць вам перайма́ць нас; мы ж не рабíлі бясчы́нства ў вас,
8. ні ў кога не елі хле́ба дарма́, а стара́нна і напру́жана працава́лі ўно́чы і ўдзень, каб не стаць цяжа́рам каму-не́будзь з вас,
9. не таму што мы не ма́ем пра́ва, а каб праз саміх сябе пада́ць вам пры́клад для перайма́ння.
10. Бо і тады, як былí ў вас, мы нака́звалі вам вось што: калі хто не хоча працава́ць, той няха́й і не есць.
11. Але чу́ем пра некато́рых, што жыву́ць сяро́д вас бясчы́нна, нічога не ро́бяць, а ўме́шваюцца не ў свае спра́вы;
12. такім нака́зваем і закліка́ем іх дзе́ля Госпада нашага Іісуса Хрыста, каб яны, спако́йна працу́ючы, елі свой хлеб.
13. А вы, браты́, не па́дайце ду́хам, ро́бячы дабро́.
14. Калі ж хто не паслу́хае ска́занага намі ў гэтым пасла́нні, таго майце на прыкме́це і не ўступа́йце ў зно́сіны з ім, каб пасаро́міць яго;
15. аднак не лічы́це яго во́рагам, а настаўля́йце на ро́зум, як бра́та.
16. Сам жа Гасподзь міру няха́й дае́ вам мір заўсёды ва ўсім. Гасподзь з усімі вамі!
17. Віта́нне маёю руко́ю, Па́ўлаваю, што слу́жыць зна́кам у кожным пасла́нні; пішу я так:
18. благада́ць Госпада нашага Іісуса Хрыста з усімі вамі. Амінь.