Пасланні Апосталаў і Апакаліпсіс
Да Фесаланікійцаў (Салу́нян) другое Пасланне святога Апостала Паўла
Раздзел 1
1. Павел, і Сілуа́н, і Цімафе́й — Царкве Фесаланікíйкай у Богу, Айцу нашым, і Госпадзе Іісусе Хрысце:
2. благада́ць вам і мір ад Бога, Айца нашага, і Госпада Іісуса Хрыста.
3. Мы заўсёды павінны дзя́каваць Богу за вас, браты́, як гэта нале́жыць, бо ўзраста́е вера ваша і памнажа́ецца ў кожнага з усіх вас любоў аднаго́ да друго́га,
4. так што мы самі хва́лімся вамі ў цэ́рквах Божых, цярплíвасцю вашай і вераю ва ўсіх гане́ннях і ўцíсках, якія вы перано́сіце;
5. гэта знак таго, што бу́дзе пра́ведны суд Божы, каб вы ўдасто́іліся Царства Божага, дзе́ля якога вы і паку́туеце.
6. Бо справядлíва ў Бога — адплацíць прыгнётам тым, хто вас прыгнята́е,
7. а вам, прыгне́чаным, даць супакае́нне разам з намі ў час яўле́ння з неба Госпада Іісуса з А́нгеламі сілы Яго,
8. у по́лымі агню́, Які дасць адпла́ту тым, хто не знае Бога і не слу́хаецца дабраве́сця Госпада нашага Іісуса Хрыста;
9. яны ў пакара́нне пры́муць пагíбель ве́чную ад аблíчча Госпада і ад сла́вы магу́тнасці Яго,
10. калі Ён пры́йдзе прасла́віцца ў святы́х Сваіх і явíць Сябе дзіво́сным у дзень той ва ўсіх ве́руючых, бо вы паве́рылі нашаму све́дчанню.
11. Дзе́ля гэтага і мо́лімся заўсёды за вас, каб удасто́іў вас паклíкання Бог наш і ўсякае памкне́нне да дабра́ і спра́ву веры напо́ўніў сілаю,
12. каб прасла́вілася імя́ Госпада нашага Іісуса Хрыста ў вас, і вы ў Ім, па благада́ці Бога нашага і Госпада Іісуса Хрыста.