Пасланні Апосталаў і Апакаліпсіс
Да Фесаланікійцаў (Салу́нян) першае Пасланне святога Апостала Паўла
Раздзел 5
1. А пра часы́ і тэ́рміны няма́ патрэ́бы піса́ць вам, браты́,
2. бо самі вы дакла́дна ве́даеце, што Дзень Гасподні пры́йдзе так, як зло́дзей уначы́.
3. Бо калі бу́дуць каза́ць: «мір і бяспе́ка», тады ра́птам іх насцíгне пагíбель, як му́ка ў ро́дах насціга́е цяжа́рную, і не пазбе́гнуць.
4. Але вы, браты́, не ў це́мры, каб дзень той заста́ў вас, як зло́дзей;
5. бо ўсе вы — сыны́ святла́ і сыны́ дня: мы — не сыны́ ні но́чы, ні це́мры.
6. Дык вось, не бу́дзем спаць, як іншыя, а бу́дзем пíльнымі і цвяро́зымі.
7. Бо тыя, што спяць, уначы́ спяць, і тыя, што ўпіва́юцца, уначы́ ўпіва́юцца.
8. Мы ж, як сыны́ дня, бу́дзем цвяро́зымі, апрану́ўшы браню́ веры і любові і шлем надзе́і на спасе́нне,
9. таму што Бог прызна́чыў нас не на гнеў, а на тое, каб мы атрыма́лі спасе́нне праз Госпада нашага Іісуса Хрыста,
10. Які памёр за нас, каб мы, ці не спім, ці спім, жылí з Ім разам.
11. Таму суцяша́йце адно аднаго́ і настаўля́йце адно аднаго́, як вы і ро́біце.
12. Про́сім жа вас, браты́, паважа́ць тых, хто працу́е ў вас, і хто ўзнача́львае вас у Госпадзе, і хто настаўля́е вас,
13. і шанава́ць іх асаблíва, з любо́ўю, за спра́ву іх; жывíце ў мíры памíж сабою.
14. Закліка́ем вас такса́ма, браты́, абразумля́йце бясчы́нцаў, суцяша́йце маладу́шных, падтры́млівайце сла́бых, бу́дзьце доўгацярплíвымі да ўсіх.
15. Глядзíце, каб ніхто нікому не плаціў злом за зло; а заўсёды шука́йце дабра́ і адзін аднаму, і ўсім.
16. Заўсёды ра́дуйцеся.
17. Няспы́нна маліцеся.
18. За ўсё дзя́куйце: бо гэта воля Божая ў Хрысце Іісусе для вас.
19. Ду́ха не гасíце.
20. Праро́цтвамі не пагарджа́йце.
21. Усё выпрабо́ўвайце, до́брага трыма́йцеся.
22. Ад усякага роду зла ўстры́млівайцеся.
23. Сам жа Бог міру няха́й асвяцíць вас ва ўсёй паўнаце́, і няха́й ваш дух, і душа́, і цела́ ва ўсёй іх цэ́ласці захава́юцца беззага́ннымі ў прышэ́сце Госпада нашага Іісуса Хрыста.
24. Ве́рны Той, Хто закліка́е вас, Які і здзе́йсніць гэта.
25. Браты́! маліцеся за нас.
26. Віта́йце ўсіх братоў пацалу́нкам святы́м.
27. Закліна́ю вас Госпадам прачыта́ць гэтае пасла́нне ўсім святы́м брата́м.
28. Благада́ць Госпада нашага Іісуса Хрыста з вамі. Амінь.