Пасланні Апосталаў і Апакаліпсіс
Да Фесаланікійцаў (Салу́нян) першае Пасланне святога Апостала Паўла
Раздзел 4
1. Нарэ́шце, браты́, про́сім вас і мо́лім Госпадам Іісусам, каб вы, пераня́ўшы ад нас тое, як нале́жыць вам жыць і дагаджа́ць Богу, — што вы і ро́біце, — у гэтым яшчэ больш удаскана́льваліся,
2. вы ж ве́даеце, якія нака́зы мы далí вам ад Госпада Іісуса.
3. Бо воля Божая — асвячэ́нне ваша, каб вы ўстры́мліваліся ад распу́сты;
4. каб ве́даў кожны з вас, як захо́ўваць свой сасу́д у свя́тасці і го́днасці,
5. а не ў запа́ле пажа́длівасці, падо́бна язы́чнікам, якія не ве́даюць Бога;
6. каб вы не паруша́лі зако́ну і не падма́нвалі ў гэтым бра́та свайго, бо кара́е Гасподзь за ўсё гэта, як і каза́лі мы вам ране́й і све́дчылі.
7. Таму што паклíкаў нас Бог не да нечыстаты́, а да свя́тасці.
8. Дык вось, хто не прызнае́ гэтага, той не чалаве́ка не прызнае́, а Бога, Які і даў нам Духа Свайго Святога.
9. Пра браталю́бства ж няма патрэ́бы піса́ць вам, таму што вы самі наву́чаны Богам любíць адно аднаго́;
10. бо вы так і ста́віцеся да ўсіх брато́ў ва ўсёй Македо́ніі. Закліка́ем жа вас, браты́, яшчэ больш удаскана́львацца
11. і намага́цца жыць спако́йна, рабіць сваю спра́ву і працава́ць сваімі рука́мі, як мы нака́звалі вам;
12. каб вы паво́дзілі сябе добрапрысто́йна перад зне́шнімі і ні ў чым не ме́лі няста́чы.
13. Не хачу́ ж, браты́, пакíнуць вас у няве́данні пра паме́рлых, каб вы не смуткава́лі, як іншыя, якія не ма́юць надзе́і.
14. Бо калі мы ве́руем, што Іісус памёр і ўваскрэ́с, то і паме́рлых у Іісусе Бог прывядзе́ з Ім.
15. Бо гэта ка́жам вам сло́вам Гасподнім, што мы, жывы́я, якія засталíся да прышэ́сця Гасподняга, не апярэ́дзім паме́рлых,
16. таму што Сам Гасподзь пры за́кліку, пры го́ласе Арха́нгела і гу́ку трубы́ Божай, сы́дзе з неба, і мёртвыя ў Хрысце ўваскрэ́снуць пе́ршымі;
17. потым мы, хто застане́цца жывы́, разам з імі ўзя́ты бу́дзем на во́блакі на сустрэ́чу Госпаду ў паве́тры і так заўсёды з Госпадам бу́дзем.
18. Дык вось, суцяша́йце адно аднаго́ гэтымі сло́вамі.