Пасланні Апосталаў і Апакаліпсіс
Да Фесаланікійцаў (Салу́нян) першае Пасланне святога Апостала Паўла
Раздзел 3
1. І таму, не вы́трываўшы ўжо, мы вы́рашылі лепш заста́цца ў Афінах адны
2. і пасла́лі Цімафе́я, бра́та нашага і служы́целя Божага і супрацо́ўніка нашага ў дабраве́сці Хрыстовым, каб умацава́ць вас і суце́шыць у веры вашай,
3. каб ніхто не пахісну́ўся ў го́расцях гэтых; бо вы самі ве́даеце, што так нам вы́значана.
4. Бо мы і тады, калі былí ў вас, прадка́звалі вам, што будзем паку́таваць, як і зда́рылася, і вы гэта ве́даеце.
5. Таму і я, не вы́трываўшы ўжо, пасла́ў даве́дацца пра веру вашу, ці не спакусíў ча́сам вас спаку́снік і не ста́ла ма́рнаю пра́ца наша.
6. А цяпе́р, калі да нас прыйшо́ў ад вас Цімафе́й і прынёс нам до́брую ве́стку пра веру і любоў вашу і пра тое, што вы заўсёды ма́еце до́брую па́мяць пра нас, пра́гнучы нас уба́чыць, як і мы вас,
7. то мы, пры ўсім горы і няста́чы нашай, суце́шаны вамі, браты́, вераю вашай;
8. бо цяпе́р мы ажыва́ем, калі вы стаіце́ ў Госпадзе.
9. Якую ж падзя́ку можам мы ўзне́сці Богу за вас, за ўсю ра́дасць, якою мы ра́дуемся з-за вас перад Богам нашым,
10. ноч і дзень найшчырэ́й мо́лячыся пра тое, каб уба́чыць аблíчча ваша і дапо́ўніць тое, чаго не хапа́е веры вашай?
11. Няха́й жа Сам Бог і Айцец наш і Гасподзь наш Іісус Хрыстос вы́раўнуе шлях наш да вас.
12. А вас Гасподзь няха́й напо́ўніць і ўзбагацíць любоўю адзін да аднаго́ і да ўсіх, такою са́маю, як мы ма́ем да вас,
13. каб умацава́ць сэ́рцы вашы і зрабíць іх бездако́рнымі ў свя́тасці перад Богам і Айцом нашым у прышэ́сце Госпада нашага Іісуса Хрыста з усімі святы́мі Яго. Амінь.