Пасланні Апосталаў і Апакаліпсіс
Да Фесаланікійцаў (Салу́нян) першае Пасланне святога Апостала Паўла
Раздзел 2
1. Вы ж самі ве́даеце, браты́, пра наш прыхо́д да вас, што не ма́рны ён быў;
2. але, перацярпе́ўшы паку́ты і знява́гі ў Філíпах, як вам вядо́ма, мы адва́жыліся ў Богу нашым прапаве́даваць вам дабраве́сце Божае пры мо́цным супрацьстая́нні.
3. Бо навуча́нне наша не выніка́е ні з памы́лкі, ні з нечыстаты́, ні з падма́ну;
4. але пако́лькі Бог вы́прабаваў нас і даве́рыў нам дабраве́сце, то мы і гаво́рым, дагаджа́ючы не лю́дзям, а Богу, Які выпрабо́ўвае сэ́рцы нашы.
5. Бо ніколі не было́ ў нас ні слоў ліслíвасці, як вы ве́даеце, ні кары́слівага наме́ру, — Бог све́дка! —
6. і не шука́ем людско́й сла́вы ні ад вас, ні ад іншых:
7. мы маглі паказа́ць сваю вагу́ як Апо́сталы Хрыстовы, але былí лаго́днымі сярод вас, як кармíцелька, што пе́сціць сваіх дзяце́й.
8. Так мы, у шчы́рым памкне́нні да вас, жада́ем перада́ць вам не толькі дабраве́сце Божае, але і ду́шы нашы, бо вы ста́лі для нас узлю́бленымі.
9. Вы ж па́мятаеце, браты́, ця́жкую пра́цу нашу і намага́нні: бо ўно́чы і ўдзень мы працава́лі, каб не абцяжа́рыць каго з вас, і прапаве́давалі вам дабраве́сце Божае.
10. Вы і Бог — све́дкі таго, як свя́та, і пра́ведна, і бездако́рна ста́віліся мы да вас, ве́руючых,
11. бо вы ве́даеце, як мы ко́жнага з вас, падо́бна як ба́цька дзяце́й сваіх,
12. прасíлі, і заахво́чвалі, і перако́нвалі, каб вы паво́дзілі сябе дасто́йна Бога, Які паклíкаў вас у Сваё Царства і сла́ву.
13. Таму мы і дзя́куем Богу пастая́нна за тое, што, прыня́ўшы ад нас пачу́тае сло́ва Божае, вы ўспрынялí яго не як сло́ва чалаве́чае, але як сло́ва Божае, якім яно сапраўды́ з’яўля́ецца і дзе́йнічае ў вас, ве́руючых.
14. Бо вы, браты́, ста́лі перайма́льнікамі цэ́ркваў Божых у Хрысце́ Іісусе, тых, што ў Іудзе́і, бо вы перацярпе́лі ад сваіх супляме́ннікаў тое са́мае, што і яны ад Іудзе́яў,
15. якія забілі і Госпада Іісуса, і Яго праро́каў, і нас вы́гналі, і Богу не дагаджа́юць, і ўсім лю́дзям працíвяцца;
16. яны перашкаджа́юць нам прапаве́даваць язы́чнікам, каб тыя спаслíся, і гэтым памнажа́юць грахí свае заўсёды; але гнеў насцíгнуў іх урэ́шце.
17. Мы ж, браты́, асіраце́ўшы без вас, разлу́чаныя на не́йкі час зне́шне, але не ў сэ́рцы, з яшчэ бо́льшым жада́ннем імкну́ліся ўба́чыць аблíчча ваша.
18. Таму мы хаце́лі прыйсці да вас, а я, Павел, — і адзін раз, і другі, але перашко́дзіў нам сатана́.
19. Бо хто наша надзе́я, ці ра́дасць, ці вяно́к пахвалы́? Хіба́ ж і не вы перад Госпадам нашым Іісусам Хрыстом у час прышэ́сця Яго?
20. Бо вы — сла́ва наша і ра́дасць.