Пасланні Апосталаў і Апакаліпсіс
Да Фесаланікійцаў (Салу́нян) першае Пасланне святога Апостала Паўла
Раздзел 1
1. Павел, і Сілуа́н, і Цімафе́й — Царкве Фесаланікíйскай у Богу Айцу і Госпадзе Іісусе Хрысце: благада́ць вам і мір ад Бога, Айца нашага, і Госпада Іісуса Хрыста.
2. Дзя́куем Богу заўсёды за ўсіх вас, паміна́ючы вас у малітвах нашых,
3. пастая́нна па́мятаючы вашу спра́ву ве́ры, і пра́цу любові, і трыва́ласць надзе́і на Госпада нашага Іісуса Хрыста перад Богам і Айцом нашым,
4. ве́даючы, узлю́бленыя Богам браты́, абра́насць вашу;
5. бо наша дабраве́сце ў вас адбыва́лася не толькі ў сло́ве, але і ў сіле, і ў Святы́м Духу, і ў по́ўнай перакана́насці; вы самі ве́даеце, якімі мы былí для вас сярод вас.
6. І вы ста́лі перайма́льнікамі нашымі і Госпада, прыня́ўшы сло́ва ў го́расцях многіх з ра́дасцю Духа Святога,
7. так што вы ста́лі ўзо́рам для ўсіх ве́руючых у Македо́ніі і Аха́іі.
8. Бо ад вас разне́слася сло́ва Гаспо́дняе не толькі па Македо́ніі і Аха́іі, але і ва ўсіх края́х вера ваша ў Бога ста́ла вядо́май, так што ў нас няма патрэ́бы пра гэта гавары́ць.
9. Бо самі яны пра нас раска́зваюць, якім быў наш прыхо́д да вас і як вы павярну́ліся да Бога ад íдалаў, каб служы́ць Богу жыво́му і íсціннаму
10. і чака́ць з нябёс Сына Яго, Якога Ён уваскрасіў з мёртвых, Іісуса, Які збаўля́е нас ад надыхо́дзячага гне́ву.