Пасланні Апосталаў і Апакаліпсіс
Да Ры́млян Пасланне святога Апостала Паўла
Раздзел 9
1. Ісціну кажу ў Хрысце, не лгу, і све́дчыць мне сумле́нне маё ў Духу Святым,
2. што вялікі сму́так у мяне і няспы́нны боль у сэ́рцы маім:
3. бо я хацеў бы сам быць адлу́чаным ад Хрыста́ дзе́ля братоў маіх, ро́дных мне па плоці;
4. яны Ізраільця́не, ім нале́жаць усынаўле́нне, і сла́ва, і запаве́ты, і законаўстанаўле́нне, і богаслужэ́нне, і абяца́нні;
5. іхнія і айцы́, з іх і Хрыстос па плоці, Ён — над усімі Бог, благаславёны наве́кі, амінь.
6. Гэта не зна́чыць, што слова Божае не здзе́йснілася. Бо не ўсе, хто пахо́дзіць ад Ізра́іля, — Ізраільця́не,
7. і не ўсе, хто з пато́мства Аўраа́ма, — дзеці яго; але ска́зана: «У Ісаа́ку будзе назва́на тваё пато́мства».
8. Гэта зна́чыць, што не дзеці па плоці з’яўля́юцца дзе́цьмі Божымі, а дзеці абяца́ння лíчацца пато́мствам.
9. А сло́ва абяца́ння такое: «у гэты самы час Я прыйду́, і будзе ў Са́рры сын».
10. І не толькі гэта, а падобнае было́ і з Рэве́каю, якая зачала́ адначасо́ва двух сыноў ад Ісаа́ка, айца нашага,
11. бо калі яны яшчэ не нарадзíліся і не зрабілі нічога добрага ці дрэ́ннага, — каб прадустанаўле́нне Божае ў абра́нні зале́жала
12. не ад спраў, а ад Таго, Хто паклíкаў, — ска́зана было́ ёй: «бо́льшы будзе служы́ць ме́ншаму»,
13. як і напíсана: «Іа́кава Я ўзлюбíў, а Іса́ва ўзненавíдзеў».
14. Дык што скажам? Няўжо няпраўда ў Бога? Ні ў якім разе.
15. Бо Ён кажа Маісею: «каго памíлаваць — памíлую; каго пашкадава́ць — пашкаду́ю».
16. Дык вось, гэта зале́жыць не ад таго, хто хоча ці імкне́цца, але ад Бога, Які мíлуе.
17. Бо ў Пісанні Бог кажа фараону: «дзе́ля таго Я і ўзвы́сіў цябе, каб паказа́ць на табе сілу Маю́ і каб прапаве́дана было́ імя́ Маё па ўсёй зямлі».
18. Дык вось, Ён каго хоча — мíлуе, а каго хоча — робіць жорсткім.
19. Ты скажаш мне: «за што ж яшчэ і дакара́е? бо хто супрацьста́не волі Яго?»
20. А ты, чалавек, хто такі, што спрача́ешся з Богам? Хіба́ гліня́ны вы́раб скажа таму, хто зляпіў яго: «чаму ты мяне зрабіў такім?»
21. Хіба́ ж ганчар не ма́е ўла́ды над глíнаю, каб з таго самага ме́сіва зрабіць адну пасу́дзіну для пачэ́снага ўжы́тку, а другую для непачэ́снага?
22. Што ж, калі Бог, жада́ючы паказаць гнеў і явíць магу́тнасць Сваю, трыва́ў з вялікай доўгацярплíвасцю сасу́ды гневу, прызна́чаныя на пагíбель,
23. каб явíць багацце славы Сваёй над сасу́дамі міласэ́рнасці, якія Ён за́гадзя прыгатава́ў да славы, —
24. над намі, якіх Ён паклíкаў не толькі з Іудзе́яў, але і з язы́чнікаў?
25. як і ў кнізе Асíі Ён кажа: «не Мой народ назаву́ Маім народам, і не ўзлю́бленую — узлю́бленай;
26. і на тым месцы, дзе было́ ска́зана ім: «вы не Мой народ», — там яны будуць назва́ны сына́мі Бога жывога».
27. А Іса́ія абвяшча́е пра Ізра́іль: «хоць і будзе ко́лькасць сыноў Ізра́іля, як пясок марскі, толькі аста́так спасе́цца;
28. бо слова Сваё заве́ршыць і хутка здзе́йсніць у пра́веднасці, слова Сваё рашу́ча здзе́йсніць Гасподзь на зямлі».
29. І як прадказа́ў Іса́ія: «калі б Гасподзь Савао́ф не пакíнуў нам се́мені, то мы б сталі як Садо́м і былі б падо́бныя да Гамо́ры».
30. Дык што скажам? Язычнікі, якія не імкну́ліся да пра́веднасці, атрыма́лі пра́веднасць — пра́веднасць праз веру;
31. а Ізра́іль, які імкну́ўся да закону пра́веднасці, не дасягну́ў закону пра́веднасці.
32. Чаму? Таму што яны шука́лі не ў веры, а ў справах закону; бо яны спатыкну́ліся аб ка́мень спатыкне́ння,
33. як напíсана: «вось, кладу́ ў Сіёне ка́мень спатыкне́ння і скалу́ спаку́сы; і кожны, хто ве́руе ў Яго, пасаро́млены не будзе».