Пасланні Апосталаў і Апакаліпсіс
Да Ры́млян Пасланне святога Апостала Паўла
Раздзел 8
1. Дык вось, цяпер няма нія́кага асуджэ́ння тым, хто ў Хрысце Іісусе жыве́ не паво́дле пло́ці, а паво́дле ду́ху,
2. таму што закон ду́ху жыцця́ ў Хрысце Іісусе вы́зваліў мяне ад закону граху́ і смерці.
3. Паколькі закон, асла́блены плоццю, быў бяссíльны, то Бог Сына Свайго паслаў у падабе́нстве плоці грахо́ўнай як ахвяру за грэх і асудзíў грэх у плоці,
4. каб пра́веднасць, прадпíсаная законам, здзе́йснілася ў нас, якія жывём не паво́дле плоці, а паво́дле духу.
5. Бо тыя, што жыву́ць паво́дле плоці, ду́маюць пра плоцкае, а тыя, што паво́дле духу, — пра духоўнае.
6. Ду́мкі плоцкія — гэта смерць, а ду́мкі духоўныя — гэта жыццё і мір,
7. таму што думкі плоцкія — гэта варо́жасць су́праць Бога, паколькі закону Божаму яны не падпарадко́ўваюцца, ды і не могуць.
8. Таму тыя, што жыву́ць паво́дле плоці, Богу дагадзíць не могуць.
9. Але вы не паво́дле плоці жывяце́, а паво́дле духу, калі толькі Дух Божы жыве́ ў вас. А калі хто Духа Хрыстовага не ма́е, той і не Ягоны.
10. Калі ж Хрыстос у вас, то це́ла мёртвае праз грэх, а дух жывы́ праз пра́веднасць.
11. Калі ж Дух Таго, Хто ўваскрасіў з мёртвых Іісуса, жыве́ ў вас, дык Той, Хто ўваскрасіў Хрыста з мёртвых, ажы́віць і вашы смяротныя це́лы Духам Сваім, Які жыве́ ў вас.
12. Такім чы́нам, браты́, мы не даўжнікí плоці, каб жыць паво́дле плоці;
13. бо калі жывяце́ паводле плоці, то ма́еце паме́рці, а калі ду́хам умярцвя́еце дзе́янні плоцкія, то будзеце жыць.
14. Таму што ўсе тыя, каго вядзе́ Дух Божы, гэта сыны́ Божыя;
15. бо вы не прынялí ду́ху рабства, пры якім жылí б зноў у стра́ху, а прынялí Духа ўсынаўле́ння, у Якім усклікаем: «Авва, Ойча!»
16. Сам гэты Дух све́дчыць ду́ху нашаму, што мы — дзеці Божыя.
17. А калі дзеці, то і насле́днікі: насле́днікі Божыя, сунасле́днікі ж Хрыстовы, калі толькі разам з Ім паку́туем, каб разам з Ім і прасла́ўленымі быць.
18. Бо я лічу, што цяпе́рашнія часо́выя паку́ты нічога не ва́рты ў параўна́нні з тою славаю, якая адкры́ецца ў нас.
19. Бо стварэ́нне з надзе́яй чака́е выяўле́ння сыноў Божых, —
20. таму што стварэ́нне падпарадкава́лася ма́рнасці не па сваёй волі, а па волі Таго, Хто падпарадкава́ў яго, — у надзеі,
21. што і само стварэ́нне будзе вы́звалена з рабства тле́ння на свабоду славы дзяцей Божых.
22. Бо мы ве́даем, што ўсё стварэ́нне разам сто́гне і паку́туе дагэ́туль;
23. ды не толькі яно, але і мы самі, ма́ючы пача́так Духа, і мы самі сто́гнем у сабе, чака́ючы ўсынаўле́ння, выкупле́ння це́ла нашага.
24. Бо мы спасёны ў надзеі. Надзея ж, калі яна ба́чная, гэта не надзея, бо калі хто бачыць, то на што яму і спадзява́цца?
25. А калі спадзяёмся на тое, чаго не бачым, тады цярпліва чакаем.
26. Таксама і Дух дапамага́е нам пры не́мачах нашых; бо мы не ведаем, аб чым маліцца так, як нале́жыць, а Сам Дух хада́йнічае за нас уздыха́ннямі невымо́ўнымі.
27. Той жа, Хто дасле́дуе сэ́рцы, ве́дае, якая думка ў Духа, таму што Ён па волі Божай хада́йнічае за святых.
28. А мы ве́даем, што тым, хто лю́біць Бога, хто паклíканы паводле Яго прадустанаўле́ння, усё садзе́йнічае на дабро;
29. бо каго Ён прадуве́даў, тым і прадвы́значыў быць падо́бнымі да во́браза Сы́на Свайго, каб Ён быў першаро́дным сярод многіх братоў;
30. а каго Ён прадвы́значыў, тых і паклíкаў; а каго паклíкаў, тых і апраўда́ў; а каго апраўда́ў, тых і прасла́віў.
31. Што ж мы скажам на гэта? Калі Бог за нас, то хто су́праць нас?
32. Той, Хто нават Сына Свайго не пашкадава́ў, а адда́ў Яго за ўсіх нас, як жа з Ім не дасць нам і ўсяго?
33. Хто ста́не абвінава́чваць абра́ных Божых? Бог апра́ўдвае іх.
34. Хто асу́дзіць? Хрыстос Іісус памёр, але і ўваскрэ́с: Ён і знахо́дзіцца правару́ч Бога, Ён і хада́йнічае за нас.
35. Хто адлу́чыць нас ад любові Хрыстовай: гора, ці ўціск, ці гане́нне, ці голад, ці гале́ча, ці небяспе́ка, ці меч? як напíсана:
36. «за Цябе нас умярцвя́юць кожны дзень; лíчаць нас аве́чкамі для закла́ння».
37. Але ўсё гэта мы поўнасцю перамага́ем сілаю Таго, Хто ўзлюбíў нас.
38. Бо я ўпэ́ўнены, што ні смерць, ні жыццё, ні Ангелы, ні Пача́ткі, ні Сілы, ні цяпе́рашняе, ні бу́дучае,
39. ні вышыня́, ні глыбіня́, ні якое стварэ́нне іншае не зможа адлучы́ць нас ад любові Божай у Хрысце Іісусе, Госпадзе нашым.