Пасланні Апосталаў і Апакаліпсіс
Да Ры́млян Пасланне святога Апостала Паўла
Раздзел 7
1. Хіба́ вы не ве́даеце, браты́, — бо я кажу тым, хто ве́дае закон, — што закон ма́е ўла́ду над чалавекам, пакуль ён жывы́?
2. Заму́жняя жанчына да жывога мужа прывя́зана законам; калі ж памрэ́ муж, яна вызваля́ецца ад закону заму́жжа.
3. Таму пры жывы́м му́жу яна будзе называ́цца пралюбадзе́йкаю, калі вы́йдзе замуж за другога; калі ж памрэ муж, яна свабодная ад закону і не будзе пралюбадзе́йкаю, вы́йшаўшы за́муж за другога.
4. Так і вы, браты́ мае́, паме́рлі для закону Це́лам Хрыстовым, каб нале́жаць другому, Уваскрэ́сламу з мёртвых, каб мы прыно́сілі плод Богу.
5. Бо калі мы жылí паво́дле плоці, тады стра́сці грахоўныя, якія выяўля́е закон, дзе́йнічалі ў чле́нах нашых, каб плод прыно́сіць смерці;
6. але цяпер, памёршы для закону, якім былí звя́заны, мы вы́зваліліся ад яго, каб нам служы́ць Богу ў новым духу, а не паво́дле старо́й лíтары.
7. Дык што скажам? што закон — грэх? Ні ў якім разе; але я пазна́ў грэх не інакш, як праз закон, бо я не разуме́ў бы і пажа́днасці, калі б закон не казаў: «не пажада́й».
8. Але грэх, знайшоўшы падста́ву ў за́паведзі, вы́клікаў ува мне ўсякую пажа́днасць; бо без закону грэх мёртвы.
9. Я жыў не́калі без закону; але калі прыйшла запаведзь, то грэх ажыў,
10. а я памёр; такім чы́нам, за́паведзь, да́дзеная для жыцця́, прывяла́ мяне да смерці,
11. бо грэх, знайшоўшы падста́ву ў за́паведзі, увёў мяне ў зман і праз яе ўмярцвíў.
12. Так што закон святы́ і за́паведзь святая, і праведная, і добрая.
13. Дык няўжо добрае ста́ла для мяне смерцю? Ні ў якім разе; але стаў ёю грэх, каб быць вы́яўленым як грэх, які праз добрае нясе́ мне смерць, каб грэх стаў непаме́рна грэ́шным праз за́паведзь.
14. Мы ж ведаем, што закон — духоўны, а я — цяле́сны, прада́дзены граху́.
15. Бо не разуме́ю, што раблю́: паколькі не тое раблю́, што хачу, а што ненавíджу, тое раблю́.
16. Калі ж я раблю́ тое, чаго не хачу, то пагаджа́юся з законам, што ён добры,
17. і таму ўжо не я раблю́ гэта, а грэх, які жыве́ ўва мне.
18. Бо я ве́даю, што не жыве́ ўва мне, гэта значыць у пло́ці маёй, добрае; таму што жада́нне дабра́ ёсць ува мне, але каб зрабіць дабро — таго няма́.
19. Дабра́, якога хачу, я не раблю́, а зло, якога не хачу, раблю́.
20. Калі ж раблю́ тое, чаго не хачу, то ўжо не я раблю гэта, а грэх, які жыве́ ўва мне.
21. Дык вось, я знахо́джу закон: калі хачу рабіць добрае, то ўва мне прысу́тнічае злое.
22. Бо паводле ўну́транага чалавека я ма́ю асалоду ў законе Божым;
23. але ў чле́нах маіх ба́чу іншы закон, які змага́ецца су́праць закону ро́зуму майго і бярэ́ мяне ў палон закону грахоўнага, які знахо́дзіцца ў чле́нах маіх.
24. Няшча́сны я чалавек! хто зба́віць мяне ад гэтага це́ла смерці?
25. Дзя́кую Богу праз Іісуса Хрыста, Госпада нашага. Дык вось, сам я ро́зумам служу́ закону Божаму, а пло́ццю — закону грахо́ўнаму.