Пасланні Апосталаў і Апакаліпсіс
Да Ры́млян Пасланне святога Апостала Паўла
Раздзел 6
1. Дык што скажам? застава́цца нам у граху́, каб прымно́жылася благада́ць? Ні ў якім разе.
2. Як жа мы, памёршы для граху́, будзем дале́й жыць у ім?
3. Хіба́ не ведаеце, што ўсе мы, ахры́шчаныя ў Хрыста Іісуса, у смерць Яго ахры́шчаны?
4. Дык вось, мы былí пахава́ны разам з Ім хрышчэ́ннем у смерць, каб, як Хрыстос уваскрэс з мёртвых славаю Айца, так і нам жыць новым жыццём.
5. Бо калі мы з’ядна́ліся з Ім падабе́нствам смерці Яго, то будзем з’ядна́ны і падабе́нствам уваскрасе́ння,
6. ве́даючы тое, што даўне́йшы наш чалавек быў распя́ты з Ім, каб знíшчана было́ це́ла грахо́ўнае, каб нам ужо не быць раба́мі граху́;
7. бо хто памёр, той вы́звалены ад граху́.
8. Калі ж мы паме́рлі з Хрыстом, то ве́руем, што і жыць будзем з Ім,
9. ве́даючы, што Хрыстос, уваскрэ́слы з мёртвых, ужо не паміра́е: смерць ужо не ма́е над Ім ула́ды.
10. Бо што Ён памёр, то для граху́ памёр раз назаўсёды, а што жыве́, то жыве́ для Бога.
11. Так і вы лічы́це сябе мёртвымі для граху́, а жывы́мі для Бога ў Хрысце Іісусе, Госпадзе нашым.
12. Дык няхай не пану́е грэх у смяро́тным ва́шым це́ле і не падпарадко́ўвае вас пажа́днасцям яго;
13. і не аддава́йце граху́ чле́наў вашых, робячы іх прыла́дамі няпра́веднасці, а адда́йце сябе Богу як тых, што ажылí з мёртвых, і чле́ны вашы — Богу, робячы іх прыла́дамі пра́веднасці.
14. Грэх жа не павíнен над вамі ўлада́рыць, бо вы не пад законам, а пад благада́ццю.
15. Дык што? ці будзем грашы́ць, паколькі мы не пад законам, а пад благада́ццю? Ні ў якім разе.
16. Хіба́ не ве́даеце, што каму вы аддаяце́ сябе ў рабы́ на паслухмя́насць, то вы і рабы́ таго, каго слу́хаецеся: ці рабы́ граху́ на смерць, ці рабы́ паслухмя́насці на пра́веднасць.
17. Дзякуй Богу, што вы, якія былí раба́мі граху́, сталі ўсім сэ́рцам паслухмя́нымі таму ро́ду вучэ́ння, у якім вы былí наста́ўлены.
18. А вы́зваліўшыся ад граху́, вы сталі раба́мі пра́веднасці.
19. Я кажу́, разважа́ючы як чалаве́к, з-за не́мачы пло́ці вашай. Як вы аддава́лі чле́ны вашы ў рабы́ нечыстаце́ і беззако́нню дзе́ля беззако́ння, так цяпер адда́йце чле́ны вашы ў рабы́ пра́веднасці дзе́ля асвячэ́ння.
20. Бо калі вы былí раба́мі граху́, тады былí свабо́днымі ад пра́веднасці.
21. Які ж плод вы ме́лі тады? Тое, за што цяпер со́рамна вам, бо канец яго — смерць.
22. Цяпер жа, вы́зваліўшыся ад граху́ і стаўшы раба́мі Богу, вы ма́еце плод ваш — асвячэ́нне, а канец — жыццё вечнае.
23. Бо пла́та за грэх — смерць, а дар Божы — жыццё вечнае ў Хрысце Іісусе, Госпадзе нашым.