Пасланні Апосталаў і Апакаліпсіс
Да Ры́млян Пасланне святога Апостала Паўла
Раздзел 16
1. Прадстаўля́ю вам Фíву, сястру нашу, дыяканíсу Царквы Кенхрэ́йскай,
2. каб вы прынялí яе дзе́ля Госпада, як нале́жыць святым, і дапамаглі ёй ва ўсякай справе, калі яна будзе мець патрэ́бу ў вас, бо і яна была памочніцаю многім і мне самому.
3. Віта́йце Прыскíлу і Акíлу, сурабо́тнікаў маіх у Хрысце Іісусе,
4. якія гало́вы свае кла́лі за душу́ маю́, якім не адзін я ўдзя́чны, але і ўсе Цэрквы з язычнікаў, вітайце і дамашнюю іх царкву.
5. Вітайце ўзлю́бленага майго Эпене́та, які стаў пе́ршынцам Аха́іі для Хрыста.
6. Вітайце Марыя́м, якая шмат працавала для нас.
7. Вітайце Андранíка і Ю́нію — сваякоў маіх, якія былí вя́знямі разам са мною, яны добра вядо́мы сярод Апосталаў і яшчэ раней за мяне ўве́равалі ў Хрыста.
8. Вітайце Амплíя, узлю́бленага майго ў Госпадзе.
9. Вітайце Урва́на, сурабо́тніка нашага ў Хрысце, і Стахíя, узлю́бленага майго.
10. Вітайце Апе́лія, вы́прабаванага ў Хрысце. Вітайце ве́руючых з дому Арыставу́ла.
11. Вітайце Ірадыёна, сваяка́ майго. Вітайце дама́шніх Наркíса, якія ў Госпадзе.
12. Вітайце Трыфе́ну і Трыфо́су, што працуюць дзе́ля Госпада. Вітайце Персíду ўзлю́бленую, якая шмат працавала дзе́ля Госпада.
13. Вітайце Ру́фа, абра́нага ў Госпадзе, і маці яго і маю́.
14. Вітайце Асінкры́та, Фле́ганта, Е́рма, Патро́ва, Ермíя і іншых з імі братоў.
15. Вітайце Філало́га і Ю́лію, Нірэ́я і сястру яго, і Алімпа́на, і ўсіх з імі святых.
16. Вітайце адзін аднаго святым пацалу́нкам. Вітаюць вас усе Цэ́рквы Хрыстовы.
17. Сцеражы́цеся тых, што разла́ды і спаку́сы учыня́юць, насу́перак вучэ́нню, якое вы спазна́лі, і ўхіля́йцеся ад іх;
18. бо яны слу́жаць не Госпаду нашаму Іісусу Хрысту, а свайму чэраву, і падма́нваюць красамо́ўствам і сало́дкімі сло́вамі сэ́рцы прастаду́шных.
19. Ваша паслушэ́нства веры ўсім вядома; таму я радуюся за вас, але жада́ю, каб вы былí му́дрымі на дабро і бясхíтраснымі на зло.
20. А Бог міру зве́ргне сатану пад ногі вашы неўзаба́ве. Благада́ць Госпада нашага Іісуса Хрыста з вамі! Амінь.
21. Вітаюць вас Цімафей, сурабо́тнік мой, і Лукíй, і Іа́сан, і Сасіпа́тр, сваякі мае́.
22. Вітаю вас у Госпадзе і я, Тэ́рцый, які запісаў гэтае пасланне.
23. Вітае вас Га́ій, гасцінны да мяне і да ўсёй Царквы. Вітае вас Эра́ст, гарадскі ска́рбнік, і брат Ква́рт.
24. Благада́ць Госпада нашага Іісуса Хрыста з усімі вамі! Амінь.