Пасланні Апосталаў і Апакаліпсіс
Да Ры́млян Пасланне святога Апостала Паўла
Раздзел 15
1. Мы, моцныя, павінны не́мачы сла́бых насіць, а не сабе дагаджа́ць:
2. кожны з нас павінен дагаджа́ць бліжняму на дабро, для ўмацава́ння.
3. Бо і Хрыстос не Сабе дагаджа́ў, а як напісана: «знява́гі тых, што зневажа́юць Цябе, па́лі на Мяне».
4. А ўсё, што было́ напíсана раней, для нашага настаўле́ння напíсана, каб мы праз цярпе́нне і суцяшэ́нне з Піса́нняў захоўвалі надзею.
5. Бог жа цярпе́ння і суцяшэ́ння няхай дасць вам быць у аднаду́мстве паміж сабою па Хрысту Іісусу,
6. каб вы аднаду́шна, адзінымі ву́снамі сла́вілі Бога і Айца Госпада нашага Іісуса Хрыста.
7. Таму прыма́йце адзін аднаго, як і Хрыстос прыня́ў вас у славу Божую.
8. Бо кажу я, што Іісус Хрыстос стаў служы́целем для абрэ́заных — дзе́ля ісціны Божай, каб сцве́рдзіць абяца́нае айцам,
9. а для язычнікаў — па міласці, каб яны славілі Бога, як напíсана: «за гэта буду славіць Цябе сярод язычнікаў і буду спяваць íмені Твайму».
10. І яшчэ ска́зана: «узвесялíцеся, язычнікі, з народам Яго».
11. І яшчэ: «хвалíце Госпада, усе язычнікі, і ўсхваляйце Яго, усе народы».
12. І яшчэ Іса́ія кажа: «будзе корань Іесе́еў і Той, Хто ўзды́мецца, каб валодаць язычнікамі; на Яго язычнікі спадзява́цца будуць».
13. Бог жа надзеі няхай напо́ўніць вас усякаю радасцю і мірам у веры, каб вы, сілаю Духа Святога, узбагаціліся надзеяй.
14. Я і сам упэ́ўнены ў вас, браты мае́, што і вы поўныя до́брасці, напоўненыя ўсякімі ведамі і можаце настаўляць адзін аднаго;
15. але напісаў я вам, браты, з некато́рай смеласцю, як бы ў напамін вам, паводле да́дзенай мне Богам благадаці
16. быць служы́целем Іісуса Хрыста сярод язычнікаў, свяшчэннадзе́ючы дабраве́сце Божае, каб язычнікі сталі прынашэ́ннем, угодным Богу, асвячо́ным Духам Святым.
17. Дык я магу пахвалíцца ў Хрысце Іісусе сваім служэннем Богу,
18. бо не адва́жуся гаварыць ні пра што такое, чаго не здзе́йсніў Хрыстос праз мяне для паслушэ́нства язычнікаў, сло́вам і справаю,
19. сілаю знаме́нняў і цу́даў, сілаю Духа Божага, так што ад Іерусаліма і яго навако́лляў да Іліры́ка я распаўсю́дзіў дабравесце Хрыстова.
20. Прытым я лічы́ў за гонар дабраве́сціць не там, дзе ўжо было́ вядома імя́ Хрыстова, каб не будаваць на чужы́м падму́рку,
21. а як напíсана: «каму не было́ абве́шчана пра Яго, тыя ўбачаць, і хто не чуў, тыя зразуме́юць».
22. Гэта шмат разоў перашкаджа́ла мне прыйсці да вас.
23. Цяпер жа, не маючы больш поля дзе́йнасці ў тых краях, а многія гады́ жада́ючы прыйсці да вас,
24. як толькі вы́праўлюся ў Іспанію, прыйду да вас. Бо спадзяю́ся, што, праходзячы, паба́чуся з вамі і што вы праведзяце́ мяне туды, пасля таго як я наце́шуся вамі, хоць трохі.
25. А цяпер я іду ў Іерусалім, каб паслужы́ць святы́м,
26. бо Македонія і Аха́ія пажада́лі сабраць нейкія сродкі для дапамо́гі бедным сярод святы́х у Іерусаліме.
27. Пажада́лі, аднак яны і даўжнікі перад імі. Бо калі язы́чнікі сталі іх супо́льнікамі ў духоўным, то павінны і ў цяле́сным паслужы́ць ім.
28. Вы́канаўшы гэта і ў цэ́ласці перада́ўшы ім сабра́нае, я пайду праз вашы мясціны ў Іспанію,
29. і ведаю, што калі прыйду да вас, дык прыйду з паўнатою благаславе́ння дабраве́сця Хрыстовага.
30. Але прашу вас, браты, дзе́ля Госпада нашага Іісуса Хрыста і дзе́ля любові Духа, аказа́ць мне падтры́мку ў малітвах Богу за мяне,
31. каб мне быць зба́ўленым ад няве́руючых у Іудзе́і, і каб служэ́нне маё ў Іерусаліме было́ добра прыня́та святымі,
32. каб я з радасцю прыйшоў да вас, калі на гэта воля Божая, і адпачы́ў разам з вамі.
33. Бог жа міру няхай будзе з усімі вамі. Амінь.