Пасланні Апосталаў і Апакаліпсіс
Да Ры́млян Пасланне святога Апостала Паўла
Раздзел 14
1. Сла́бага ў веры прыма́йце без спрэ́чак пра яго меркава́нні.
2. Бо адзін верыць, што можна есці ўсё, а другі, сла́бы, есць гародніну.
3. Хто есць, няхай не прыніжа́е таго, хто не есць; і хто не есць, няхай не асуджа́е таго, хто есць; таму што Бог прыня́ў яго.
4. Хто ты такі, што асуджа́еш чужога раба? Перад сваім Госпадам ён стаіць альбо па́дае; і будзе стаяць, бо ма́е Бог сілу падня́ць яго.
5. Адзін адро́знівае дзень ад дня, а другі ста́віцца аднолькава да ўсякага дня. Няхай кожны трыма́ецца свайго меркава́ння.
6. Хто вылуча́е дні — дзе́ля Госпада вылуча́е; і хто не вылуча́е дзён — дзе́ля Госпада не вылуча́е. Хто есць — дзе́ля Госпада есць, бо дзя́куе Богу. І хто не есць — дзе́ля Госпада не есць і дзя́куе Богу.
7. Бо ніхто з нас не жыве́ дзе́ля сябе і ніхто не паміра́е дзе́ля сябе,
8. а калі жывём — дзе́ля Госпада жывём, калі паміра́ем — дзе́ля Госпада паміра́ем. І таму, ці жывём мы, ці паміра́ем, — мы Гасподнія.
9. Бо Хрыстос дзе́ля таго і памёр, і ўваскрэ́с, і ажыў, каб быць Госпадам і для мёртвых, і для жывых.
10. А ты чаму асуджа́еш брата свайго? Альбо і ты, чаму прыніжа́еш брата свайго? Усе ж мы будзем стаяць на судзе Хрыстовым.
11. Бо напíсана: «жыву Я, — кажа Гасподзь, — перада Мною схíліцца ўсякае калена, і ўсякі язык будзе вызнава́ць Бога».
12. Дык вось, кожны з нас за сябе дасць адказ перад Богам.
13. Давайце ж не будзем больш судзíць адзін аднаго, а ле́пей судзíце пра тое, як не даць брату спатыкну́цца альбо спакусíцца.
14. Я ведаю і ўпэ́ўнены ў Госпадзе Іісусе, што няма нічога ў сабе самім нячы́стага; толькі калі хто лíчыць нешта нячы́стым, то для яго гэта нячы́стае.
15. Калі ж з-за ежы засмуча́ецца брат твой, то ты ўжо не па любові жывеш; не губі сваёю ежаю таго, за каго Хрыстос памёр.
16. Няхай не будзе знява́жана ваша дабро.
17. Бо Царства Божае — не ежа і пітво, а пра́веднасць, і мір, і радасць у Духу Святым.
18. Хто гэтым слу́жыць Хрысту, той уго́дны Богу і паважа́ны людзьмі.
19. Дык будзем імкну́цца да таго, што слу́жыць міру і ўзае́мнаму ўмацава́нню.
20. З-за ежы не разбура́й справы Божай: бо ўсё — чыстае, але кепска робіць чалавек, які есць на спакусу.
21. Лепш не есці мяса, не піць віна і не рабіць таго, з-за чаго брат твой спатыка́ецца, ці спакуша́ецца, ці знемага́е.
22. Ты маеш веру? дык май яе сам у сабе, перад Богам. Блажэнны, хто не асуджа́е сябе за рашэ́нне, якое прыма́е.
23. Калі ж хто есць сумнява́ючыся, дык ён асу́джаны, бо не па веры; а ўсё, што не па веры, — грэх.
24. А Таму, Хто можа вас умацава́ць, паводле дабраве́сця майго і пропаведзі Іісуса Хрыста, паводле адкрыцця́ тайны, з адве́чных часоў пакры́тай маўча́ннем,
25. але цяпер я́ўленай і праз піса́нні прарокаў, па зага́ду вечнага Бога, абве́шчанай усім народам для паслушэ́нства іх у веры,
26. адзінаму праму́драму Богу, праз Іісуса Хрыста, слава наве́кі. Амінь.