Пасланні Апосталаў і Апакаліпсіс
Да Ры́млян Пасланне святога Апостала Паўла
Раздзел 13
1. Кожная душа няхай падпарадко́ўваецца вышэ́йшым ула́дам, бо няма ўла́ды не ад Бога; а існу́ючыя ўла́ды Богам устано́ўлены.
2. Бо хто працíвіцца ўла́дзе, той супрацьстаíць Божаму ўстанаўле́нню; а хто супрацьстаíць, той сам на сябе наклíча асуджэ́нне.
3. Таму што начальнікі стра́шныя не для добрых спраў, а для злых. Хочаш не баяцца ўлады? Рабі дабро, і будзеш мець пахвалу́ ад яе;
4. бо начальнік — слуга Божы, табе на дабро. Калі ж будзеш рабіць зло, то бойся, бо ён не дарэ́мна носіць меч: ён — слуга Божы, які по́мсціць і кара́е таго, хто робіць зло.
5. Так што трэба падпарадко́ўвацца не толькі з-за страху пакара́ння, але і па сумле́нню.
6. Дзе́ля таго вы і пада́ткі пла́ціце; бо начальнікі — служы́целі Божыя, якія íменна гэтым пастая́нна займа́юцца.
7. Дык вось, аддава́йце кожнаму нале́жнае: каму пада́так — пада́так; каму по́шліну — по́шліну; каму страх — страх; каму паша́ну — паша́ну.
8. Нікому нічым не будзьце ў даўгу́, акрамя доўгу ўзае́мнай любові; бо хто лю́біць іншага, той вы́канаў закон.
9. Таму што за́паведзі: «не пралюбадзе́йнічай», «не забівай», «не крадзь», «не све́дчы лжыва», «не пажада́й чужога» і любая іншая — усе яны заключа́юцца ў гэтым выслоўі: «узлюбí бліжняга твайго, як самога сябе».
10. Любоў не чы́ніць бліжняму зла; так што любоў ёсць выкана́нне закону.
11. Тым болей, што вы ведаеце час: пара́ ўжо нам абудзíцца ад сну. Бо цяпер спасенне да нас бліжэ́й, чым тады, калі мы ўве́равалі.
12. Ноч міна́е, а дзень наблізіўся: дык адкíнем спра́вы цемры і надзе́нем зброю святла.
13. Як удзень, будзем паводзіць сябе прыстойна: не ў гульбе́ і п’янстве, не ў распу́сце і разбэ́шчанасці, не ў зва́дах і за́йздрасці;
14. але апранíцеся ў Госпада Іісуса Хрыста і клопат пра плоць не ператвара́йце ў пажа́днасць.