Пасланні Апосталаў і Апакаліпсіс
Да Ры́млян Пасланне святога Апостала Паўла
Раздзел 11
1. Дык я кажу́: хіба́ адмо́віўся Бог ад народа Свайго? Ні ў якім разе. Бо і я Ізраільця́нін, з се́мені Аўраа́мавага, з кале́на Веніямíнавага.
2. Не адмо́віўся Бог ад народа Свайго, які Ён напе́рад знаў. Ці ж вы не ве́даеце, што́ гаво́рыць Пісанне пра Ілію́? як ён ска́рдзіцца Богу на Ізра́іль, ка́жучы:
3. «Госпадзі! прарокаў Тваіх пазабіва́лі, ахвя́рнікі Твае паразбура́лі; я заста́ўся адзін, і шука́юць душу́ маю́».
4. Што ж гаво́рыць яму Божы адка́з? — «Я пакінуў Сабе сем тысяч чалавек, якія не схілілі каленяў перад Ваа́лам».
5. Так і ў цяпе́рашні час, паво́дле абра́ння благада́ці, захава́ўся аста́так.
6. А калі паво́дле благада́ці, то не паво́дле спраў; інакш благада́ць не была́ б ужо благада́ццю. Калі ж паво́дле спраў, то гэта ўжо не благада́ць; інакш справа — гэта ўжо не справа.
7. Дык што ж? Ізра́іль чаго шукаў, таго не атрыма́ў; абра́ныя ж атрыма́лі, а аста́тнія зрабíліся бясчу́лымі,
8. як напíсана: «Бог даў ім дух здранцве́ласці, вочы, якімі не ба́чаць, і ву́шы, якімі не чу́юць, аж па сённяшні дзень».
9. І Давід кажа: «няхай будзе трапе́за іх па́сткаю, і сіло́м, і капка́нам, і адпла́таю ім;
10. няхай зацьмя́цца вочы іх, каб не бачылі, і спіна іх няхай сагне́цца назаўжды́».
11. Дык я пытаюся: няўжо яны спатыкнуліся, каб зусім упасці? Ні ў якім разе. Але ад іх падзе́ння — спасе́нне язы́чнікам, каб абудзíць у іх раўнíвасць.
12. Калі ж іх падзе́нне — багацце для свету, і іх заняпа́д — багацце для язы́чнікаў, дык наколькі ж бо́льшая паўната́ іх!
13. Вам кажу, язы́чнікам: бу́дучы Апосталам язы́чнікаў, я праслаўля́ю служэ́нне маё;
14. можа, не́як абуджу́ я раўнíвасць у суро́дзічах маіх і спасу́ некато́рых з іх?
15. Бо калі адвяржэ́нне іх — прымірэ́нне свету, дык чым будзе прыня́цце, калі не жыццём з мёртвых?
16. Калі ро́шчына святая, такое ж і це́ста; і калі корань святы́, такія ж і галíны.
17. Калі ж некато́рыя з галíн адлама́ліся, а ты, бу́дучы дзікай алíваю, быў прышчэ́плены заме́ст іх і стаў супо́льнікам кораня і соку алíвы,
18. то не ганары́ся перад галінамі; а калі ганары́шся, дык па́мятай, што не ты корань трыма́еш, а корань — цябе.
19. Ты скажаш: галíны адлама́ліся, каб мне быць прышчэ́пленым.
20. Добра. Яны адлама́ліся з-за няве́р’я, а ты трыма́ешся ве́раю: не ганары́ся, а бойся.
21. Бо калі Бог не пашкадава́ў прыро́дных галíн, то можа і цябе не пашкадава́ць.
22. Дык убач до́брасць і стро́гасць Божую: стро́гасць да тых, якія адпа́лі, а до́брасць Божую да цябе, калі застане́шся ў Яго до́брасці; інакш і ты будзеш адсе́чаны.
23. Але і тыя, калі не застану́цца ў нявер’і, будуць прышчэ́плены, таму што Бог ма́е сілу зноў прышчапíць іх.
24. Бо калі ты быў адсе́чаны ад дзікай па прыродзе алíвы і, насу́перак прыродзе, прышчэ́плены да добрай алíвы, дык тым больш гэтыя прыродныя будуць прышчэ́плены да сваёй алівы.
25. Не хачу я, браты, пакінуць вас у няве́данні пра тайну гэтую, каб вы не лічы́лі самі сябе му́дрымі: ажарсцве́нне ста́лася з ча́сткаю Ізра́іля да таго, пакуль не ўвойдзе паўната́ язы́чнікаў,
26. і тады ўвесь Ізра́іль спасёны будзе, як напíсана: «прыйдзе з Сіёна Збавіцель і адве́рне бязбо́жнасць ад Іа́кава;
27. і гэта ім ад Мяне запаве́т, калі здыму́ грахі іх».
28. Адносна дабраве́сця — яны ворагі Богу дзе́ля вас, але адносна абра́ння — яны ўзлю́бленыя Богам дзе́ля айцоў.
29. Бо дары́ і паклíканне Божае неадме́нныя.
30. Бо як і вы калісьці былí непаслухмя́нымі Богу, а цяпер памíлаваны праз іх непаслухмя́насць,
31. так і яны цяпер непаслухмя́ныя дзе́ля вашага памíлавання, каб і самім ім быць памíлаванымі.
32. Бо ўсіх замкну́ў Бог у непаслухмя́насць, каб усіх памíлаваць.
33. О, бяздо́нне багацця, і праму́драсці, і ве́дання Божага! Якія неспасцíжныя суды́ Яго і нязве́даныя шляхí Яго!
34. Бо хто спазна́ў розум Гасподні? Альбо хто быў дара́дцам Яго?
35. Альбо хто папярэ́дне даў Яму, каб атрыма́ць адпла́ту?
36. Таму што ўсё — з Яго, і праз Яго, і дзе́ля Яго. Яму і слава наве́кі. Амінь.