Пасланні Апосталаў і Апакаліпсіс
Да Ры́млян Пасланне святога Апостала Паўла
Раздзел 10
1. Браты́! жада́нне майго сэ́рца і малітва да Бога за Ізраільця́н — каб яны спаслíся.
2. Бо я све́дчу ім, што яны ма́юць руплíвасць да Бога, аднак не па ро́зуму.
3. Бо, не разуме́ючы Божай пра́веднасці і намага́ючыся сцве́рдзіць сваю пра́веднасць, яны не скары́ліся пра́веднасці Божай;
4. таму што завяршэ́нне закону — Хрыстос, дзе́ля пра́веднасці кожнага ве́руючага;
5. бо Маісей піша аб пра́веднасці, якая паво́дле закону: «чалавек, які вы́канаў гэта, жывы́ будзе праз гэта».
6. А пра́веднасць, якая паво́дле веры, гаво́рыць так: «не кажы́ ў сэ́рцы сваім: хто ўзы́дзе на неба?» — для таго, каб Хрыста́ зве́сці ўніз;
7. альбо: «хто сы́дзе ў бе́здань?» — для таго, каб Хрыста́ з мёртвых узве́сці.
8. А што гаво́рыць Піса́нне? — «Блізка да цябе сло́ва, яно ў ву́снах тваіх і ў сэ́рцы тваім», — гэта значыць сло́ва веры, якое мы прапаве́дуем.
9. Бо калі ву́снамі тваімі ты будзеш вызнава́ць Іісуса Госпадам і ве́раваць сэ́рцам тваім, што Бог уваскрасіў яго з мёртвых, то спасёны будзеш,
10. таму што сэ́рцам ве́руюць дзе́ля пра́веднасці, а ву́снамі вызнаю́ць дзе́ля спасе́ння.
11. Бо Пісанне кажа: «кожны, хто веруе ў Яго, не будзе пасаро́млены».
12. Тут няма ро́зніцы паміж Іудзе́ем і Э́лінам, таму што адзін Гасподзь для ўсіх, шчо́дры да ўсіх, хто прызыва́е Яго».
13. Бо «кожны, хто прызаве́ імя́ Гасподняе, спасёны будзе».
14. Але як яны будуць прызыва́ць Таго, у Каго не ўве́равалі? Як будуць ве́раваць у Таго, пра Каго не чулі? Як пачу́юць без прапаве́дніка?
15. І як будуць прапаве́даваць, калі не будуць пасла́ны? бо напíсана: «якія го́жыя но́гі ў тых, хто дабраве́сціць мір, хто дабраве́сціць добрае!»
16. Але не ўсе паслу́халіся дабраве́сця. Бо кажа Іса́ія: «Госпадзі! хто́ паверыў пачу́таму ад нас?»
17. Дык вось, вера — ад пачу́тага, а пачу́тае — ад сло́ва Божага.
18. Але я кажу: хіба́ яны не чулі? Наадваро́т, «па ўсёй зямлі прайшоў голас іх, і да кра́ю сусве́ту — словы іх».
19. Яшчэ кажу: хіба́ Ізра́іль не ведаў? Першы Маісей гаво́рыць: «Я абуджу́ вашу раўнíвасць праз не-народ, праз народ неразу́мны раздражню́ вас».
20. А Іса́ія смела кажа: «Мяне знайшлі тыя, што не шукалі Мяне, Я адкрыўся тым, што не пыта́ліся пра Мяне».
21. Пра Ізра́іль жа ён кажа: «цэлы дзень Я праця́гваў ру́кі Мае́ да народа непако́рнага і ўпа́ртага».