Пасланні Апосталаў і Апакаліпсіс
Да Філіпійцаў Пасланне святога Апостала Паўла
Раздзел 4
1. Дык вось, браты́ мае́ ўзлю́бленыя і жада́ныя, ра́дасць і вяне́ц мой, стойце так у Госпадзе, узлю́бленыя.
2. Ево́дзію прашу́ і Сінцíхію прашу́ быць аднаду́мнымі ў Госпадзе;
3. ды і цябе прашу́, ве́рны дру́жа, дапамага́й ім, бо яны за дабраве́сце змага́ліся разам са мною, і з Клíментам, і з аста́тнімі супрацо́ўнікамі маімі, чые́ імёны — у кнізе жыцця́.
4. Ра́дуйцеся заўсёды ў Госпадзе; і зноў кажу: ра́дуйцеся.
5. Добразычлíвасць ваша няхай будзе вядо́ма ўсім лю́дзям. Гасподзь блізка.
6. Ні аб чым не турбу́йцеся, а заўсёды ў малітве і мале́нні з падзя́каю адкрыва́йце свае́ жада́нні Богу,
7. і мір Божы, вышэ́йшы за ўсякі ро́зум, будзе захо́ўваць сэ́рцы вашы і ду́мкі вашы ў Хрысце Іісусе.
8. Урэ́шце, браты́, толькі пра тое, што ісціннае, што пачэ́снае, што пра́веднае, што чы́стае, што лю́бае, што прые́мнае, што дабрадзе́йнае і што ва́ртае хвалы́, — вось пра што разважа́йце.
9. Чаму вы навучы́ліся, і што перанялí, і пачу́лі, і ўба́чылі ўва мне, тое і выко́нвайце, — і Бог міру будзе з вамі.
10. Я ж вельмі ўзра́даваўся ў Госпадзе, што вы нарэ́шце зноў пачалí клапацíцца пра мяне; вы і ране́й клапацíліся, але ў вас не было́ ўмоў.
11. Не з-за няста́чы гэта кажу, бо я навучы́ўся быць здаво́леным тым, што ёсць:
12. умею жыць і ў бе́днасці, умею жыць і ў даста́тку; усяму і ва ўсім я наву́чаны: і сы́тым быць, і гало́дным, быць і ў даста́тку, і ў няста́чы;
13. усё магу ў Іісусе Хрысце, Які ўмацо́ўвае мяне.
14. Аднак вы добра зрабілі, што паздялíлі са мною мой цяжа́р.
15. Вы ж ве́даеце, Філіпíйцы, што на пача́тку дабраве́сця, калі я выйшаў з Македо́ніі, ніво́дная царква́ не прыма́ла ўдзе́лу ў тым, што́ я выдатко́ўваў і атры́мліваў, апрача́ вас адных;
16. бо вы і ў Фесало́ніку і раз, і другі дасыла́лі мне на патрэ́бы.
17. Гэта не значыць, што я шука́ю да́ру; але пло́ду я шука́ю, які памнажа́ецца на кары́сць вам.
18. Я ма́ю ўсё і ма́ю ўдо́сталь; я по́ўнасцю забяспе́чаны, атрыма́ўшы ад Эпафрады́та пасла́нае вамі, як пах духмя́ны, як ахвя́ру прые́мную, што даспадо́бы Богу.
19. Бог жа мой няхай задаво́ліць усякую патрэ́бу вашу паво́дле бага́цця Свайго ў сла́ве, у Хрысце Іісусе.
20. А Богу і Айцу нашаму слава на векі вякоў! Амінь.
21. Віта́йце кожнага свято́га ў Хрысце Іісусе. Віта́юць вас браты́, якія са мною.
22. Віта́юць вас усе святы́я, і асабліва з ке́саравага до́ма.
23. Благада́ць Госпада нашага Іісуса Хрыста з усімі вамі. Амінь.