Пасланні Апосталаў і Апакаліпсіс
Да Філіпійцаў Пасланне святога Апостала Паўла
Раздзел 3
1. Урэ́шце, браты́ мае́, ра́дуйцеся ў Госпадзе. Піса́ць вам пра тое ж са́мае для мяне не ця́жка, а для вас павуча́льна.
2. Сцеражы́цеся саба́к, сцеражы́цеся ліхíх дзе́ячаў, сцеражы́цеся лжэабрэ́зання,
3. бо абрэ́занне — гэта мы, калі слу́жым Богу ду́хам і хва́лімся Хрыстом Іісусам, а не на плоць спадзяёмся,
4. хоць я магу́ спадзява́цца і на плоць. Калі нехта іншы ду́мае, што мо́жа спадзява́цца на плоць, то тым больш я,
5. абрэ́заны ў во́сьмы дзень, з ро́ду Ізра́ілевага, кале́на Веніямíнавага, Яўрэ́й з Яўрэ́яў, у адно́сінах да зако́ну — фарысе́й,
6. па заўзя́тасці — ганíцель Царквы́ Божай, паво́дле пра́веднасці зако́ннай — бездако́рны.
7. Але што для мяне было́ здабы́ткам, тое дзе́ля Хрыста я стаў лічы́ць стра́таю.
8. Ды і ўсё я лічу́ стра́таю дзе́ля перава́гі пазна́ння Хрыста Іісуса, Госпада майго, дзе́ля Якога я ўсяго пазба́віўся і ўсё лічу́ сме́ццем, каб здабы́ць Хрыста
9. і знайсцí сябе ў Ім не са сваёю пра́веднасцю, якая ад закону, а з тою, якая праз веру ў Хрыста, з пра́веднасцю, якая ад Бога па ве́ры;
10. каб спазна́ць Яго, і сілу ўваскрасе́ння Яго, і ўдзел у паку́тах Яго, прыпадабня́ючыся Яму ў сме́рці,
11. каб толькі дасягну́ць уваскрасе́ння з мёртвых.
12. Гэта не зна́чыць, што я дасягну́ў ужо ці стаў ужо даскана́лым; але імкну́ся, ці не дасягну́ і я, як дасягну́ў мяне Хрыстос Іісус.
13. Браты́, я не ду́маю пра сябе, што ўжо дасягну́ў; адно толькі: забыва́ючы тое, што зза́ду, і сяга́ючы напе́рад,
14. імкну́ся да мэ́ты, да ўзнагаро́ды вышэ́йшага паклíкання Божага ў Хрысце Іісусе.
15. Дык вось, хто з нас даскана́лы, так і павíнен ду́маць; калі ж вы пра што іна́кш ду́маеце, то і гэта Бог вам адкры́е.
16. Аднак, чаго мы дасягну́лі, паво́дле такога пра́віла бу́дзем жыць, гэ́так і ду́маць.
17. Бу́дзьце ўсе перайма́льнікамі маімі, браты́, і глядзíце на тых, што жыву́ць паво́дле ўзору, які вы ма́еце ў нас.
18. Бо многія, пра каго я ча́ста каза́ў вам, а цяпер на́ват са слязьмí кажу́, жыву́ць як во́рагі крыжа́ Хрысто́вага;
19. іх кане́ц — пагíбель, іх бог — чэ́рава, і сла́ва іх — у га́ньбе: яны ду́маюць пра зямно́е.
20. А наша грамадзя́нства — на нябёсах, адку́ль мы і чака́ем Спасіцеля, Госпада нашага Іісуса Хрыста,
21. Які пераўтво́рыць прынíжанае це́ла наша так, што яно ста́не падо́бным на сла́ўнае Це́ла Яго, праз уздзе́янне сілы Сваёй, якою Ён можа і падпарадкава́ць Сабе ўсё.