Пасланні Апосталаў і Апакаліпсіс
Да Філіпійцаў Пасланне святога Апостала Паўла
Раздзел 2
1. Дык вось, калі ма́еце якую апо́ру ў Хрысце, калі ма́еце якое суцяшэ́нне любові, калі ма́еце якую супо́льнасць ду́ху, калі ма́еце якую міласэ́рнасць і спага́ду,
2. то зрабіце яшчэ паўне́йшай маю́ ра́дасць: трыма́йцеся адных ду́мак, адно́лькавую любоў ма́ючы, бу́дзьце аднаду́шнымі і аднаду́мнымі;
3. нічога не рабіце з самалю́бства ці дзе́ля ма́рнай сла́вы, а ў пакорнаму́драсці лíчы́це адны другіх вышэ́йшымі за сябе.
4. Не пра саміх сябе клапацíцеся, але кожны і пра іншых.
5. Бо ў вас павíнны быць тыя ж ду́мкі, што і ў Хрысце Іісусе:
6. Ён, існу́ючы ў вобразе Божым, не стаў трыма́цца за Сваю ро́ўнасць з Богам,
7. а прынíзіў Сябе Само́га, прыня́ўшы во́браз раба́, зрабíўшыся падо́бным да людзе́й і з вы́гляду ста́ўшы як чалаве́к;
8. Ён упако́рыў Сябе і быў паслухмя́ны на́ват да сме́рці — і сме́рці крыжо́вай.
9. Таму і Бог найбо́льш узвы́сіў Яго і даў Яму імя́, вышэ́йшае за ўсякае імя́,
10. каб перад íмем Іісуса схілíлася ўсякае кале́на на не́бе, і на зямлі, і пад зямлёю
11. і ўсякі язык вы́знаў, што Іісус Хрыстос — Гасподзь, на сла́ву Бога Айца.
12. Дык вось, узлю́бленыя мае́, як вы заўсёды былí паслухмя́нымі, не толькі ў прысу́тнасці маёй, але яшчэ́ больш цяпе́р, у адсу́тнасці маёй, са стра́хам і трымце́ннем здзяйсня́йце сваё спасе́нне,
13. таму што гэта Бог дзе́йнічае ў вас, каб вы і жада́лі, і дзе́йнічалі паво́дле Яго до́брай во́лі.
14. Усё рабíце без нарака́ння і сумне́ння,
15. каб былí вы бездако́рнымі і чы́стымі, дзе́цьмі Божымі беззага́ннымі сяро́д ро́ду сапсава́нага і разбэ́шчанага, у якім вы ззя́еце, як свяцíлы ў све́це,
16. захо́ўваючы сло́ва жыцця́, на пахвалу́ мне ў дзень Хрыстоў, што я не ма́рна намага́ўся і не ма́рна працава́ў.
17. Але калі я і станаўлю́ся ахвя́рным узліва́ннем на ахвя́ру і служэ́нне ве́ры вашай, то я ра́дуюся і падзяля́ю ра́дасць з усімі вамі;
18. гэтаму ж і вы ра́дуйцеся і падзяля́йце ра́дасць са мною.
19. А я спадзяю́ся ў Госпадзе Іісусе неўзаба́ве пасла́ць да вас Цімафе́я, каб і мне ўсце́шыцца ду́хам, даве́даўшыся пра вашы спра́вы.
20. Таму што няма ў мяне нікога аднаду́шнага, хто па-сапра́ўднаму будзе дбаць пра вас;
21. бо ўсе шука́юць свайго, а не таго, што ўго́дна Хрысту Іісусу.
22. А вы́прабаванасць яго вы ве́даеце, бо, як сын пры бацьку, служы́ў ён са мною спра́ве дабраве́сця.
23. Дык вось, яго я спадзяю́ся пасла́ць адра́зу ж, як толькі буду ба́чыць, што́ ста́не са мною.
24. Я ўпэ́ўнены ў Госпадзе, што і сам ху́тка прыйду́ да вас.
25. Таксама палічы́ў я патрэ́бным пасла́ць да вас Эпафрады́та, майго бра́та і супрацо́ўніка і папле́чніка ў барацьбе́, вашага ж пасланца́ і служы́целя ў патрэ́бе маёй,
26. бо ён вельмі імкну́ўся да ўсіх вас і перажыва́ў з-за таго, што вы дачу́ліся пра яго хваро́бу.
27. А ён сапраўды́ захварэ́ў і быў пры смерці; аднак Бог памíлаваў яго, ды не толькі яго, але і мяне, каб не дадало́ся мне сму́тку да сму́тку.
28. Таму я хутчэ́й пасла́ў яго, каб вы, уба́чыўшы яго зноў, узра́даваліся, і я быў менш засму́чаны.
29. Прымíце ж яго ў Госпадзе з усёю ра́дасцю, і такіх ма́йце ў паша́не,
30. бо ён за спра́ву Хрыстову быў блізкі да сме́рці, рызыку́ючы жыццём, каб запо́ўніць недастатко́васць вашага служэ́ння мне.