Пасланні Апосталаў і Апакаліпсіс
Да Філіпійцаў Пасланне святога Апостала Паўла
Раздзел 1
1. Павел і Цімафе́й, рабы́ Іісуса Хрыста, — усім святы́м у Хрысце́ Іісусе, якія знахо́дзяцца ў Філíпах, з епíскапамі і дыя́канамі:
2. благада́ць вам і мір ад Бога, Айца нашага, і Госпада Іісуса Хрыста.
3. Дзя́кую Богу майму пры ко́жным успамíне пра вас,
4. заўсёды, у ко́жнай малітве маёй за ўсіх вас, з ра́дасцю малíтву ўзно́сячы,
5. за ваш удзел у дабраве́сці з першага дня і дагэ́туль,
6. бу́дучы ўпэ́ўненым, што Той, Хто пача́ў у вас добрую справу, заве́ршыць яе да дня Іісуса Хрыста;
7. так і нале́жыць мне ду́маць пра ўсіх вас, бо я ма́ю вас у сэ́рцы, бу́дучы і ў кайдана́х маіх, і ў абаро́не, і ў сцвярджэ́нні дабраве́сця, усіх вас — супо́льнікаў маіх па благада́ці.
8. Бог мне све́дка, што я люблю́ ўсіх вас любоўю Іісуса Хрыста;
9. і я малю́ся аб тым, каб любоў ваша яшчэ больш і больш узраста́ла ў спазна́нні і ва ўсякім пачу́цці,
10. каб, распазнаючы́, што́ пра́вільна, вы былí чы́стымі і бездако́рнымі ў Дзень Хрыстоў,
11. по́ўнымі пладо́ў пра́веднасці праз Іісуса Хрыста на сла́ву і хвалу́ Божую.
12. Я хачу, браты, каб вы ведалі: тое, што адбыло́ся са мною, паслужы́ла бо́льшаму по́спеху дабраве́сця,
13. так што пра кайданы́ мае́ дзе́ля Хрыста ста́ла вядо́ма ўсёй прэто́рыі і ўсім аста́тнім,
14. і вельмі многія браты́ ў Госпадзе, падбадзёраныя праз кайданы́ мае́, пачалí з бо́льшаю адва́гаю, бязбо́язна прапаве́даваць сло́ва Божае.
15. Некато́рыя, пра́ўда, з за́йздрасці альбо супрацьстая́ння, а некато́рыя з до́брым наме́рам прапаве́дуюць Хрыста:
16. адны з-за супе́рніцтва прапаве́дуюць Хрыста, не чы́ста, ду́маючы павялíчыць цяжа́р кайдано́ў маіх;
17. а другія — з любові, ве́даючы, што я паста́ўлены дзе́ля абаро́ны дабраве́сця.
18. І што ж? У любы́м вы́падку — ці прытво́рна, ці шчы́ра, — адна́к Хрыста прапаве́дуюць, і я гэ́таму ра́дуюся, і по́тым бу́ду ра́давацца,
19. бо ве́даю, што гэта паслу́жыць мне на спасе́нне дзя́куючы вашай малíтве і садзе́янню Духа Іісуса Хрыста,
20. паво́дле чака́ння і надзе́і маёй, што я ні ў чым не бу́ду пасаро́млены, а з усёю маёю адва́гаю, як заўсёды, так і цяпе́р, будзе праслаўля́цца Хрыстос у це́ле маім, ці то жыццём, ці сме́рцю.
21. Бо для мяне жыццё — Хрыстос, і смерць — прыбы́так.
22. А калі жыццё ў пло́ці — гэта для мяне плённая пра́ца, то не ведаю, што вы́браць.
23. Я зацíснуты з двух бакоў: хо́чацца адысцí з жыцця́ і быць з Хрыстом, бо гэта намно́га лепш;
24. а застава́цца ў пло́ці больш патрэ́бна дзе́ля вас.
25. І ў гэтым я перакана́ны і ве́даю, што застану́ся і бу́ду з усімі вамі дзе́ля вашага по́спеху і ра́дасці ў веры,
26. каб пахвала́ ваша ў Хрысце́ Іісусе памно́жылася праз мяне, пры насту́пным маім прыхо́дзе да вас.
27. Толькі жывíце дасто́йна дабраве́сця Хрысто́вага, каб — ці прыйду́ і ўба́чу вас, ці не прыйду́ — я пачу́ў пра вас, што стаіце́ вы ў адным ду́ху, змага́ючыся аднаду́шна за ве́ру ева́нгельскую,
28. і не баіце́ся ні ў чым супрацíўнікаў; гэта для іх знак пагíбелі, а для вас — спасе́ння. І гэта ад Бога,
29. бо вам да́дзена дзе́ля Хрыста не толькі ве́раваць у Яго, але і паку́таваць дзе́ля Яго
30. такім самым по́дзвігам, які вы ба́чылі ўва мне і як цяпе́р чу́еце пра мяне.