Пасланні Апосталаў і Апакаліпсіс
Да Філімона Пасланне святога Апостала Паўла
Раздзел 1
1. Павел, вя́зень Хрыста Іісуса, і Цімафе́й брат — Філімо́ну ўзлю́бленаму, супрацо́ўніку нашаму,
2. і Апфíі, сястры́ ўзлю́бленай, і Архíпу, спадзвíжніку нашаму, і дама́шняй тваёй царкве́:
3. благада́ць вам і мір ад Бога, Айца нашага, і Госпада Іісуса Хрыста.
4. Дзя́кую Богу майму, заўсёды паміна́ючы цябе ў малíтвах маіх,
5. чу́ючы пра тваю любоў і ве́ру, якую ты ма́еш да Госпада Іісуса і да ўсіх святы́х,
6. каб ве́ра твая, супо́льная з нашай, была́ дзе́йснай у спазна́нні ўсякага дабра́, якое ў вас дзе́ля Хрыста Іісуса.
7. Бо мы ма́ем ра́дасць вялікую і суцяшэ́нне ў любові тваёй, таму што табою, бра́це, супако́ены сэ́рцы святы́х.
8. Таму, ма́ючы вялікую ў Хрысце́ адва́гу зага́дваць табе нале́жнае,
9. больш па любові прашу́ я, Павел, бу́дучы ста́рцам, а цяпер і вя́знем Іісуса Хрыста;
10. прашу́ цябе за сы́на майго Анíсіма, якога спарадзíў я ў кайдана́х маіх:
11. ён быў калісьці бескары́сным для цябе, а цяпе́р — ве́льмі кары́сны табе і мне; я адсыла́ю яго да цябе;
12. ты ж прымí яго, як маё сэ́рца.
13. Я хаце́ў утрыма́ць яго пры сабе, каб ён заме́ст цябе паслужы́ў мне, які ў кайдана́х за дабраве́сце;
14. але я нічога не хаце́ў рабіць без тваёй зго́ды, каб добрая спра́ва твая была́ не вы́мушанай, а дабраво́льнай.
15. Бо, магчы́ма, ён дзе́ля таго адлучы́ўся на каро́ткі час, каб ты прыня́ў яго назаўсёды,
16. ужо не як раба́, а вышэ́й за раба́, як бра́та ўзлю́бленага, асаблíва для мяне, а тым бо́лей для цябе — і па пло́ці, і ў Госпадзе.
17. Дык вось, калі ма́еш мяне за супо́льніка, то прымí яго, як мяне.
18. Калі ж ён нанёс табе не́йкую шко́ду альбо доўг ма́е, то лічы́ гэта на мне.
19. Я, Павел, напіса́ў сваёю руко́ю: я заплачу́; каб не каза́ць табе, што ты і самога сябе мне вíнен.
20. Так, бра́це, дазво́ль мне мець кары́сць ад цябе ў Госпадзе; супако́й маё сэ́рца ў Госпадзе.
21. Упэ́ўнены ў паслухмя́насці тваёй, я напіса́ў табе, ве́даючы, што ты зробіш і больш, чым я кажу.
22. А разам з тым падрыхту́й мне і гасцявы́ пакой; бо спадзяю́ся, што па малíтвах вашых я буду дарава́ны вам.
23. Віта́е цябе Эпафра́с, вя́зень разам са мною дзе́ля Хрыста Іісуса,
24. а таксама Марк, Арыста́рх, Дзіма́с, Лука́, супрацо́ўнікі мае́.
25. Благада́ць Госпада нашага Іісуса Хрыста з ду́хам вашым. Амінь.