Пасланні Апосталаў і Апакаліпсіс
Да Яўрэяў Пасланне святога Апостала Паўла
Раздзел 9
1. Дык вось, і пе́ршы запаве́т меў устанаўле́нні пра богаслужэ́нне, а таксама свяцíлішча зямно́е,
2. бо ўладкава́на была́ скíнія пе́ршая, у якой былí свяцíльнік, і трапе́за, і хлябы́ выстаўле́ння; яна называ́ецца «Свято́е».
3. А за друго́ю заве́саю была́ скінія, называ́ная «Свято́е Святы́х»,
4. якая ме́ла залату́ю кадзíльніцу і пакры́ты з усіх бако́ў золатам каўчэ́г запаве́ту, у якім знахо́дзіліся залаты́ сасу́д з ма́ннаю, жазло́ Ааро́нава расквітне́лае і скрыжа́лі запаве́ту,
5. а над ім херувíмы сла́вы, якія ахіна́лі ме́сца ўміласціўле́ння; пра гэта няма патрэ́бы цяпер гавары́ць падрабя́зна.
6. Пры тым што гэта так было́ ўладкава́на, у пе́ршую скінію заўсёды ўвахо́дзяць свяшчэ́ннікі, выко́нваючы служэ́нне;
7. а ў другу́ю — раз у год адзін толькі першасвяшчэ́ннік, не без крывí, якую ён прыно́сіць за сябе і за грахí наро́да, учы́неныя з-за няве́дання.
8. Гэтым Дух Святы́ пака́звае, што яшчэ́ не адкры́та даро́га ў свяцíлішча, пакуль стаіць ране́йшая скíнія.
9. Яна — во́браз цяпе́рашняга ча́су, калі прыно́сяцца дары́ і ахвя́ры, якія не могуць зрабіць у сумле́нні даскана́лым таго, хто слу́жыць;
10. яны з патрабава́ннямі адно́сна е́жы і пітва́, з ро́знымі абмыва́ннямі і абра́дамі, якія даты́чацца пло́ці, устано́ўлены былí толькі да ча́су выпраўле́ння.
11. Але Хрыстос, Першасвяшчэ́ннік бу́дучых дабро́т, прыйшо́ўшы праз бо́льшую і даскана́лейшую скíнію, нерукатво́рную, гэта зна́чыць, не звыча́йнага пахо́джання,
12. і не з крывёю казло́ў і цяля́т, а са Сваёю Крывёю, раз назаўжды́ ўвайшо́ў у свяцíлішча і набы́ў ве́чнае адкупле́нне.
13. Бо калі кроў быко́ў і казло́ў і по́пел цялу́шкі праз акрапле́нне асвяча́е апага́неных, каб чы́стым было́ це́ла,
14. то тым больш Кроў Хрыста, Які Ду́хам Святы́м прынёс Сябе, беззага́ннага, Богу, ачы́сціць сумле́нне наша ад мёртвых спраў, каб мы служы́лі Богу жыво́му і íсціннаму.
15. І таму Ён — пасрэ́днік новага запаве́ту, каб у вы́ніку сме́рці Яго, якая была́ дзе́ля адкупле́ння за правíны, учы́неныя ў пе́ршым запаве́це, паклíканыя да вечнай спа́дчыны атрыма́лі абяца́нае.
16. Бо дзе завяшча́нне, там неабхо́дна, каб наста́ла смерць завяшча́льніка,
17. бо завяшча́нне дзе́йнічае пасля́ сме́рці; яно не ма́е сілы, калі завяшча́льнік жывы́.
18. Таму і пе́ршы запаве́т уве́дзены быў не без крывí.
19. Бо калі Маісе́й абвясцíў усе за́паведзі, прадпíсаныя зако́нам, перад усім народам, то ўзяў кроў цяля́т і казло́ў з вадо́ю і во́ўнаю чырво́наю і ісо́пам і акрапíў саму́ кнігу і ўвесь народ,
20. ка́жучы: «гэта кроў запаве́ту, які запаве́даў вам Бог».
21. Таксама і скíнію, і ўсе сасу́ды богаслужэ́бныя акрапíў крывёю.
22. Ды амаль усё паво́дле зако́ну ачышча́ецца крывёю, і без праліцця́ крывí не быва́е прабачэ́ння.
23. Таму і трэба было́, каб во́бразы нябе́снага ачышча́ліся гэ́так, а само нябе́снае — ахвя́рамі, ле́пшымі за гэ́тыя.
24. Бо Хрыстос увайшоў не ў рукатво́рнае свяцíлішча, якое з’яўля́ецца во́бразам íсціннага, а ў само́е неба, каб стаць сёння перад аблíччам Божым дзе́ля нас,
25. і не для таго, каб шмат разоў прыно́сіць Сябе ў ахвя́ру, як першасвяшчэ́ннік, які ўвахо́дзіць у свяцíлішча штого́д з чужо́ю крывёю;
26. інакш нале́жала б Яму шмат разоў паку́ты прыма́ць ад пача́тку све́ту. А цяпер, пры канцы́ вяко́ў, Ён раз назаўжды́ з’явíўся для знішчэ́ння граху́ ахвя́раю Сваёю.
27. І як лю́дзям нале́жыць адзін раз паме́рці, а потым суд,
28. так і Хрыстос, адзін раз прынёсшы Сябе ў ахвя́ру, каб узяць грахí многіх, другі раз з’я́віцца не для ачышчэ́ння ад граху́, а дзе́ля спасе́ння тых, што чака́юць Яго.