Пасланні Апосталаў і Апакаліпсіс
Да Яўрэяў Пасланне святога Апостала Паўла
Раздзел 8
1. А ў тым, пра што гаво́рым, вось гало́ўнае: мы ма́ем такога Першасвяшчэ́нніка, Які сеў правару́ч прасто́ла ве́лічы на нябёсах
2. як служу́цель свяцíлішча і скíніі íсціннай, якую збудава́ў Гасподзь, а не чалаве́к.
3. Бо ўсякі першасвяшчэ́ннік ста́віцца, каб прыно́сіць дары́ і ахвя́ры; таму неабхо́дна, каб і Гэты меў што прыне́сці.
4. Дык вось, калі б Ён застава́ўся на зямлі, то не быў бы свяшчэ́ннікам, пако́лькі тут ёсць свяшчэ́ннікі, якія па зако́ну прыно́сяць дары́;
5. яны слу́жаць во́бразу і це́ню нябе́снага, як абве́шчана было́ Маісе́ю, калі ён збіра́ўся паста́віць скíнію: глядзí, ска́зана, зрабі ўсё па ўзору, пака́занаму табе на гары́.
6. Гэты ж Першасвяшчэ́ннік атрыма́ў служэ́нне насто́лькі выда́тнейшае, нако́лькі ле́пшага Ён пасрэ́днік запаве́ту, заснава́нага на ле́пшых абяца́ннях.
7. Бо калі б першы запаве́т быў бездако́рны, то не было́ б патрэ́бы шука́ць ме́сца для іншага.
8. Але прарок, дакара́ючы іх, ка́жа: «вось, настаю́ць дні, ка́жа Гасподзь, калі Я заключу́ з до́мам Ізра́іля і з до́мам Іу́ды новы запаве́т,
9. не такі запаве́т, які Я заключы́ў з бацька́мі іх у той час, калі ўзяў іх за руку́, каб вы́весці іх з зямлі Егіпецкай; пако́лькі яны не засталíся ў тым запаве́це Маім, то і Я пераста́ў дбаць пра іх, ка́жа Гасподзь.
10. Бо вось запаве́т, які Я заключу́ з до́мам Ізра́ілевым пасля тых дзён, ка́жа Гасподзь: укладу́ законы Мае́ ў ду́мкі іх і напішу́ іх на сэ́рцах іх; і буду іх Богам, а яны будуць Маім наро́дам.
11. І не будзе вучы́ць кожны блíжняга свайго і кожны — бра́та свайго, ка́жучы: спазна́й Госпада; таму што ўсе, ад мало́га да вялíкага, будуць знаць Мяне;
12. таму што Я буду мíласцівы да няпра́ўд іх і больш не згада́ю грахоў іх і беззако́нняў іх».
13. Ка́жучы «новы», Ён паказа́ў састарэ́ласць пе́ршага; а што зада́ўнілася і старэ́е, тое блíзка да знікне́ння.