Пасланні Апосталаў і Апакаліпсіс
Да Яўрэяў Пасланне святога Апостала Паўла
Раздзел 7
1. Бо Мелхіседэ́к, цар Салíма, свяшчэ́ннік Бога Усявы́шняга, той, які сустрэ́ў Аўраа́ма, калі ён вярта́ўся пасля́ паражэ́ння цароў, і благаславíў яго,
2. якому і дзесяцíну з усяго вы́дзеліў Аўраа́м, — найпе́рш, паводле значэ́ння íмені — цар пра́ўды, а затым і цар Салíма, што азнача́е — цар мíру,
3. без ба́цькі, без ма́ці, без радасло́ўя, не ма́ючы ні пача́тку дзён, ні канца́ жыцця́, падо́бна Сы́ну Божаму, застае́цца свяшчэ́ннікам назаўсёды.
4. Ба́чыце, які вялікі той, каму і Аўраа́м, патрыя́рх, даў дзесяцíну з найле́пшай здабы́чы сваёй.
5. Тыя з сыноў Левíевых, што прыма́юць свяшчэ́нства, ма́юць за́паведзь — браць па зако́ну дзесяцíну з наро́да, гэта зна́чыць, са сваіх брато́ў, хоць і тыя пахо́дзяць з ро́ду Аўраа́ма;
6. а гэты, які не пахо́дзіць з іх ро́ду, атрыма́ў дзесяцíну ад Аўраа́ма і благаславíў таго, хто меў абяца́нні.
7. Бясспрэ́чна ж, што ме́ншае атры́млівае благаславе́нне ад бо́льшага.
8. І тут атры́мліваюць дзесяцíны лю́дзі смяро́тныя, а там — той, хто ма́е пра сябе све́дчанне, што ён жывы́.
9. І, можна сказаць, сам Левíй, які атры́млівае дзесяцíны, праз Аўраа́ма даў дзесяцíну:
10. бо ён быў яшчэ́ ўнутры́ ба́цькі, калі Мелхіседэ́к сустрэ́ў яго.
11. Дык вось, калі б даскана́ласць дасяга́лася праз левíцкае свяшчэ́нства, — бо на ім грунту́ецца зако́н, да́дзены наро́ду, — то якая б яшчэ́ была́ патрэ́ба з’яўля́цца íншаму свяшчэ́нніку па чы́ну Мелхіседэ́каву, такому, які б не называ́ўся па чы́ну Ааро́наву?
12. Бо з пераме́наю свяшчэ́нства павíнен перамянíцца і зако́н,
13. бо Той, пра Каго гаво́рыцца гэта, нале́жаў да íншага кале́на, з якога ніхто не служы́ў пры ахвя́рніку;
14. бо вядо́ма, што Гасподзь наш пахо́дзіць ад Іу́ды, пра кале́на якога ў дачыне́нні да свяшчэ́нства Маісе́й не сказа́ў нічога.
15. І гэта яшчэ́ ясне́й віда́ць, калі па падабе́нству Мелхіседэ́каву паўстае́ Свяшчэ́ннік іншы,
16. Які стаў такім не паво́дле закону за́паведзі пло́цкай, а паво́дле сíлы жыцця́ нятле́ннага.
17. Бо засве́дчана: «Ты свяшчэ́ннік наве́к па чы́ну Мелхіседэ́каву».
18. Дык вось, адбыва́ецца адме́на ране́йшай за́паведзі з-за яе сла́басці і бескары́снасці —
19. бо закон нічога не давёў да даскана́ласці, — і дае́цца ле́пшая надзе́я, праз якую мы набліжа́емся да Бога.
20. І пако́лькі гэта было́ не без кля́твы, —
21. тыя ж свяшчэ́ннікамі ста́лі без кля́твы, а Гэты з кля́тваю, бо пра Яго ска́зана: «кля́ўся Гасподзь і не раска́ецца: Ты свяшчэ́ннік наве́к па чы́ну Мелхіседэ́каву», —
22. то і ле́пшага запаве́ту паручы́целем стаў Іісус.
23. Прычы́м тых свяшчэ́ннікаў было́ многа, бо смерць не дазваля́ла застава́цца назаўсёды;
24. а Гэты, пако́лькі застае́цца вечна, то ма́е свяшчэ́нства, якое не міна́е,
25. таму і можа заўжды спаса́ць тых, што прыхо́дзяць праз Яго да Бога, бо Ён заўсёды жывы́, каб хада́йнічаць за іх.
26. Такі і патрэ́бен быў нам Першасвяшчэ́ннік: святы́, нявíнны, беззага́нны, аддзе́лены ад грэшнікаў і ўзне́сены вышэ́й за нябёсы,
27. Які не ма́е патрэ́бы, як тыя першасвяшчэ́ннікі, прыно́сіць штодзе́нь ахвя́ры спача́тку за свае́ грахí, а по́тым за грахí наро́да; бо Ён гэта зрабіў раз назаўсёды, калі прынёс у ахвя́ру Само́га Сябе.
28. Бо закон ста́віць першасвяшчэ́ннікамі людзе́й, падле́глых сла́басцям; а сло́ва кля́твы, якая была́ пасля закону, паста́віла Сы́на, наве́к даскана́лага.