Пасланні Апосталаў і Апакаліпсіс
Да Яўрэяў Пасланне святога Апостала Паўла
Раздзел 5
1. Таму што кожны першасвяшчэ́ннік, з людзе́й вы́браны, дзе́ля людзе́й ста́віцца на служэ́нне Богу, каб прыно́сіць дары́ і ахвя́ры за грахí,
2. бу́дучы здо́льны спагада́ць тым, хто ў няве́данні і ўве́дзены ў зман, бо і сам ахо́плены не́маччу,
3. і таму ён павíнен як за народ, так і за сябе прыно́сіць ахвя́ры за грахí.
4. І ніхто сам сабе не надае́ гэтай го́днасці, толькі паклíканы Богам, як і Ааро́н.
5. Так і Хрыстос не Сам Сябе прасла́віў, ста́ўшы першасвяшчэ́ннікам, а Той, Хто сказаў Яму: «Ты Сын Мой, Я сёння нарадзíў Цябе»;
6. як і ў іншым месцы ка́жа: «Ты свяшчэ́ннік наве́к па чы́ну Мелхіседэ́каву».
7. Ён у дні Свайго цяле́снага жыцця́ ўзнёс малíтвы і прашэ́нні з ускліка́ннем мо́цным і са слязьмí Таму, Хто мог зба́віць Яго ад сме́рці, і пачу́ты быў за глыбо́кую паша́ну да Бога;
8. хоць і Сын Ён, аднак праз паку́ты навучы́ўся паслушэ́нству
9. і, бу́дучы даскана́лым, стаў для ўсіх паслухмя́ных Яму прычы́наю спасе́ння ве́чнага,
10. назва́ны ад Бога Першасвяшчэ́ннікам па чы́ну Мелхіседэ́каву.
11. Пра гэта мы мно́гае ма́ем сказа́ць, але ця́жка растлума́чыць, бо вы ста́лі няздо́льнымі слу́хаць.
12. І хоць пара́ ўжо вам самім быць наста́ўнікамі, але вас зноў трэ́ба вучы́ць першаасно́вам вучэ́ння Божага, і вам зноў патрэ́бна малако́, а не цвёрдая е́жа.
13. Бо кожны, каго ко́рмяць малако́м, той недасве́дчаны ў сло́ве пра́ўды, таму што гэта дзіця́;
14. а цвёрдая е́жа — для даскана́лых, у якіх пачу́цці во́пытам прыву́чаны адро́зніваць дабро́ і зло.