Пасланні Апосталаў і Апакаліпсіс
Да Яўрэяў Пасланне святога Апостала Паўла
Раздзел 4
1. Дык вось, бу́дзем асцерага́цца, каб, паку́ль яшчэ́ застае́цца ў сíле абяца́нне пра ўвахо́д у спако́й Яго, не аказа́лася, што нехта з вас спазнíўся.
2. Бо і нам да́дзена дабраве́сце, як і тым; але не пайшло́ ім на кары́сць сло́ва пачу́тае, не спалучы́ўшыся з ве́раю тых, якія пачу́лі.
3. А ўвахо́дзім у спако́й мы, якія ўве́равалі, бо Ён сказа́ў: «Я пакля́ўся ў гне́ве Маім, што яны не ўво́йдуць у спако́й Мой», хоць спра́вы Яго былí здзе́йснены на пача́тку све́ту.
4. Таму што ска́зана не́дзе пра сёмы дзень так: «і спачы́ў Бог у дзень сёмы ад усіх спраў Сваіх».
5. І яшчэ́ тут: «не ўво́йдуць у спако́й Мой».
6. Дык вось, пако́лькі некато́рым застае́цца магчы́масць увайсцí ў яго, а тыя, каму ране́й абве́шчана, не ўвайшлí з-за непако́рлівасці,
7. то Ён зноў вызнача́е пэ́ўны дзень — «сёння», гаво́рачы праз Давіда, пасля́ такога до́ўгага ча́су, як вышэ́й ска́зана: «сёння, калі пачу́еце го́лас Яго, не зрабíце жо́рсткімі сэ́рцы вашы».
8. Бо калі б Іісус Навíн увёў іх у спако́й, то не гавары́лася б пасля́ гэтага пра іншы дзень.
9. Таму для наро́да Божага субо́тні спако́й яшчэ́ напе́радзе.
10. Бо хто ўвайшоў у спако́й Яго, той і сам спачы́ў ад спраў сваіх, як Бог — ад Сваіх.
11. Дык вось, пастара́емся ўвайсцí ў той спако́й, каб хто-не́будзь не паў, пераня́ўшы той самы пры́клад непако́рлівасці.
12. Бо сло́ва Божае — жыво́е, і дзе́йснае, і вастрэ́йшае за любы́ меч двухбако́вы, і праніка́е яно да раздзяле́ння душы́ і ду́ха, суста́ваў і мо́згу касце́й, і су́дзіць по́мыслы і наме́ры сэ́рца.
13. І няма стварэ́ння, схава́нага ад Яго, а ўсё аго́лена і адкры́та перад вачы́ма Яго: Яму дадзім адка́з.
14. Дык вось, ма́ючы Першасвяшчэ́нніка вялíкага, Які прайшо́ў нябёсы, Іісуса, Сына Божага, будзем цвёрда трыма́цца вызна́ння нашага.
15. Бо мы ма́ем не такога першасвяшчэ́нніка, што не можа паку́таваць разам з намі ў не́мачах нашых, а Такога, што зазна́ў усё, падо́бна нам, акрамя́ граху́.
16. Таму прысту́пім з адва́гаю да прасто́ла благада́ці, каб атрыма́ць мíласць і здабы́ць благада́ць для своечасо́вай дапамо́гі.