Пасланні Апосталаў і Апакаліпсіс
Да Яўрэяў Пасланне святога Апостала Паўла
Раздзел 3
1. Дык вось, браты́ святы́я, супо́льнікі нябе́снага паклíкання, паглядзíце на Пасла́нніка і Першасвяшчэ́нніка вызна́ння нашага, Хрыста Іісуса,
2. Які ве́рны Таму, Хто паста́віў Яго, як і Маісе́й ва ўсім до́ме Яго.
3. Бо Ён удасто́ены насто́лькі бо́льшай сла́вы, чым Маісе́й, нако́лькі бо́льшы го́нар у параўна́нні з до́мам ма́е той, хто пабудава́ў яго;
4. таму што ўсякі дом буду́ецца кім-не́будзь; а будаўнíк усяго́ — Бог.
5. І Маісе́й ве́рны ва ўсім доме Яго, як служы́цель, дзе́ля све́дчання таго, што нале́жала абвясцíць.
6. А Хрыстос — як Сын у до́ме Яго; дом жа Яго — мы, калі толькі цвёрда захава́ем да канца́ адва́гу і надзе́ю, якою ганары́мся.
7. Таму, як ка́жа Дух Святы́, «сёння, калі пачу́еце го́лас Яго,
8. не зрабíце жо́рсткімі сэ́рцы вашы, як падча́с бу́нту, у дзень спакушэ́ння ў пусты́ні,
9. дзе спакуша́лі Мяне бацькí вашы, выпрабо́ўвалі Мяне і ба́чылі спра́вы Мае́ со́рак гадо́ў.
10. Таму разгне́ваўся Я на той род і сказа́ў: яны заўсёды блука́юць сэ́рцам і не спазна́лі яны шляхо́ў Маіх;
11. таму пакля́ўся Я ў гне́ве Маім, што яны не ўво́йдуць у спако́й Мой».
12. Глядзíце, браты́, каб не было́ ў кім з вас сэ́рца зло́га і бязве́рнага, каб не адступíцца ад Бога жыво́га.
13. А настаўля́йце адзін аднаго́ ко́жны дзень, паку́ль можна каза́ць «сёння», каб не стаў жо́рсткім хто з вас, уве́дзены ў зман грахо́м.
14. Бо мы сталі супо́льнікамі Хрыста і застане́мся імі, калі толькі пача́тае жыццё цвёрда ўтрыма́ем да канца́,
15. паку́ль гаво́рыцца: «сёння, калі пачу́еце го́лас Яго, не зрабíце жо́рсткімі сэ́рцы вашы, як падча́с бу́нту».
16. Бо некато́рыя, хто чуў, узбунтава́ліся; але не ўсе, хто вы́йшаў з Егíпта ра́зам з Маісе́ем.
17. На каго ж гне́ваўся Ён со́рак гадоў? Хіба́ не на тых, што саграшы́лі, чые́ косці пале́глі ў пусты́ні?
18. Пра каго ж ка́жучы Ён пакля́ўся, што не ўво́йдуць у спако́й Яго, калі не пра тых, якія не скары́ліся?
19. І мы ба́чым, што яны не змаглí ўвайсцí з-за няве́р’я.