Пасланні Апосталаў і Апакаліпсіс
Да Яўрэяў Пасланне святога Апостала Паўла
Раздзел 2
1. Таму мы павíнны быць асаблíва ўва́жлівымі да пачу́тага, каб не адпа́сці.
2. Бо, калі праз А́нгелаў прамо́ўленае сло́ва было́ непару́шным і ўсякае парушэ́нне і непаслушэ́нства вялí да справядлíвай адпла́ты,
3. то як пазбе́гнем яе мы, не дба́ючы пра такую ве́ліч — спасе́нне, якое, бу́дучы спача́тку абве́шчана Госпадам, у нас было ўмацава́на тымі, хто чуў гэта,
4. а Бог засве́дчыў гэта і знаме́ннямі, і цу́дамі, і ро́знымі сíламі, і раздава́ннем дароў Духа Святога па волі Сваёй?
5. Бо не А́нгелам Бог падпарадкава́ў бу́дучы свет, пра які мы вядзём гаво́рку;
6. засве́дчыў жа не́хта не́дзе, ка́жучы: «што́ ёсць чалаве́к, што Ты па́мятаеш яго? альбо сын чалаве́чы, што Ты дба́еш пра яго?
7. Ма́ла ніжэ́йшым за А́нгелаў зрабіў Ты яго; сла́ваю і паша́наю ўвянча́ў Ты яго і паста́віў яго над спра́вамі рук Тваіх;
8. усё пакары́ў пад но́гі яго». А калі пакары́ў яму ўсё, то не пакíнуў нічога непако́раным яму. Цяпе́р жа яшчэ́ не ба́чым, каб яму ўсё было пако́рана;
9. але ма́ла ніжэ́йшым за А́нгелаў ба́чым Іісуса, увянча́нага сла́ваю і паша́наю за паку́ты смяро́тныя, каб Ён па благада́ці Божай зве́даў смерць за ўсіх.
10. Бо нале́жала, каб Той, дзеля Якога ўсё і праз Якога ўсё, Які мно́гіх сыно́ў прыво́дзіць да сла́вы, правадыра́ спасе́ння іх зрабíў даскана́лым праз паку́ты.
11. Бо і Той, Хто асвяча́е, і тыя, што асвяча́юцца, усе — ад Адзінага; таму Ён не саро́меецца называ́ць іх брата́мі, ка́жучы:
12. «абвяшчу́ імя́ Тваё брата́м Маім, пасяро́д царквы́ буду апява́ць Цябе».
13. І яшчэ́: «Я буду спадзява́цца на Яго». І яшчэ́: «вось Я і дзе́ці, якіх даў Мне Бог».
14. А пако́лькі гэтыя дзе́ці адзíнай пло́ці і крывí, то і Ён таксама ўспрыня́ў плоць і кроў, каб сме́рцю пазба́віць сíлы таго, хто ма́е ўла́ду сме́рці, гэта зна́чыць дыя́вала,
15. і вы́зваліць тых, якія з-за стра́ху сме́рці ўсё жыццё былі падле́глыя ра́бству.
16. Бо не ад А́нгелаў Ён успрыма́е прыро́ду, а ўспрыма́е ад се́мені Аўраа́мавага.
17. Таму Ён павíнен быў ва ўсім стаць падо́бным да брато́ў, каб быць мíласцівым і ве́рным Першасвяшчэ́ннікам перад Богам для ўміласціўле́ння за грахí наро́да.
18. Бо пако́лькі Ён прыня́ў паку́ты, Сам прайшо́ўшы праз выпрабава́нні, то можа дапамагчы́ тым, хто ў выпрабава́ннях.