Пасланні Апосталаў і Апакаліпсіс
Да Яўрэяў Пасланне святога Апостала Паўла
Раздзел 13
1. Браталю́бства між вамі няха́й трыва́е.
2. Пра гасцíннасць не забыва́йце; бо дзя́куючы ёй некато́рыя, самі таго не ве́даючы, гасцíнна прынялí А́нгелаў.
3. Па́мятайце пра вя́зняў, нíбы і вы ў няво́лі ра́зам з імі, і пра тых, што паку́ты це́рпяць, бо і самі вы знахо́дзіцеся ў це́ле.
4. Шлюб няха́й будзе ва ўсіх у паша́не і ло́жа неапага́ненае; а блудніко́ў і пралюбадзе́яў будзе судзíць Бог.
5. Не будзьце срэбралю́бнымі, будзьце задаво́лены тым, што ёсць. Бо Сам Ён сказаў: «не пакíну цябе і не адступлю́ся ад цябе»,
6. таму мы сме́ла гаво́рым: «Гасподзь мне Памо́чнік, і я не буду бая́цца: што́ зро́біць мне чалаве́к?»
7. Па́мятайце наста́ўнікаў вашых, якія абвяшча́лі вам сло́ва Божае, і, гле́дзячы на завяршэ́нне іх жыццёвага шля́ху, перайма́йце веру іх.
8. Іісус Хрыстос учора, і сёння, і навекі — той самы.
9. Вучэ́ннямі ро́знымі і чужаро́днымі не захапля́йцеся; бо до́бра благада́ццю ўмацо́ўваць сэ́рцы, а не стра́вамі, ад якіх не атрыма́лі кары́сці тыя, што рабíлі так.
10. Мы ма́ем ахвя́рнік, ад якога не ма́юць пра́ва е́сці служы́целі скíніі.
11. Пако́лькі це́лы жывёл, кроў якіх дзе́ля ачышчэ́ння граху́ ўно́сіцца першасвяшчэ́ннікам у свяцíлішча, спа́льваюцца па-за ста́нам,
12. то і Іісус, каб асвяцíць людзе́й Сваёю Крывёю, прыня́ў паку́ты па-за бра́май.
13. Дык вы́йдзем жа да Яго за стан, несучы́ на сабе Яго га́ньбу;
14. бо мы не маем тут пастая́ннага го́рада, а шука́ем таго, які будзе.
15. Будзем жа праз Яго няспы́нна ўзно́сіць Богу ахвя́ру хвалы́, гэта зна́чыць, плод ву́снаў, якія праслаўля́юць імя́ Яго.
16. Не забыва́йце такса́ма пра дабрачы́ннасць і ўзае́мную дапамо́гу, бо такія ахвя́ры даспадо́бы Богу.
17. Слу́хайцеся наста́ўнікаў вашых і будзьце пако́рлівымі, бо яны нядрэ́мна дба́юць пра ду́шы вашы, бу́дучы абавя́занымі даць за іх адка́з; няха́й яны робяць гэта з ра́дасцю, а не ўздыха́ючы, бо гэта вам не на кары́сць.
18. Малíцеся за нас, бо мы ўпэ́ўнены, што ма́ем до́брае сумле́нне, жада́ючы ва ўсім паво́дзіць сябе до́бра.
19. Асаблíва ж прашу́ рабіць гэта, каб я хутчэ́й быў ве́рнуты вам.
20. А Бог мíру, Які ўзня́ў з мёртвых вялíкага Па́стыра аве́чак, Крывёю запаве́ту ве́чнага, Госпада нашага Іісуса Хрыста,
21. няха́й удаскана́ліць вас ва ўсякай добрай спра́ве, дзе́ля выкана́ння во́лі Яго, тво́рачы ў вас добраўго́днае Яму праз Іісуса Хрыста, Якому сла́ва на ве́кі вякоў. Амíнь.
22. Прашу́ вас, браты́, трыма́йцеся гэ́тага сло́ва настаўле́ння; я ж і напіса́ў вам ко́ратка.
23. Ве́дайце, што брат наш Цімафе́й вы́звалены; калі ён неўзаба́ве пры́йдзе, я разам з ім паба́чу вас.
24. Віта́йце ўсіх наста́ўнікаў вашых і ўсіх святы́х. Віта́юць вас тыя, што з Іта́ліі.
25. Благада́ць з усімі вамі. Амíнь.