Пасланні Апосталаў і Апакаліпсіс
Да Яўрэяў Пасланне святога Апостала Паўла
Раздзел 12
1. Таму і мы, вако́л сябе ма́ючы такое вялíкае во́блака све́дкаў, скíнем усякі цяжа́р і грэх, які з лёгкасцю апу́твае нас, і цярплíва будзем здзяйсня́ць прызна́чаны нам по́дзвіг,
2. гле́дзячы на Правадыра́ і Здзяйсня́льніка веры, Іісуса, Які заме́ст той ра́дасці, якая была́ перад Ім, перацярпе́ў крыж, не зважа́ючы на га́ньбу, і сеў правару́ч прасто́ла Божага.
3. Так што ду́майце пра Таго, Хто перацярпе́ў ад грэ́шнікаў такую да Сябе варо́жасць, каб вы не знемаглí і не аслабе́лі ду́шамі вашымі.
4. Вы яшчэ́ не да крывí змага́ліся ў супрацьстая́нні граху́
5. і забылі настаўле́нне, якое да вас як да сыно́ў зве́рнута: «сы́не мой! не будзь легкаду́мны ў адно́сінах да пакара́ння ад Госпада і не знемага́й, калі Ён выкрыва́е цябе.
6. Бо Гасподзь каго лю́біць, таго кара́е, і б’е кожнага сы́на, якога прыма́е».
7. Калі вы церпіце́ пакара́нне, то Бог абыхо́дзіцца з вамі як з сына́мі. А хіба́ ёсць такі сын, якога б не кара́ў ба́цька?
8. Калі ж застаяце́ся без пакара́ння, якому падляга́юць усе, то вы — незако́нныя дзе́ці, а не сыны́.
9. Прычы́м, калі мы, кара́ныя бацька́мі нашымі па плоці, шанава́лі іх, то хіба́ ж не намно́га больш мы павíнны быць пако́рнымі Айцу ду́хаў, каб жыць?
10. Бо яны кара́лі нас паво́дле свайго разуме́ння на нямно́гія дні; а Ён — на кары́сць нам, каб мы ста́лі супо́льнікамі свя́тасці Яго.
11. Усякае пакара́нне ў цяпе́рашні час здае́цца не ра́дасцю, а сму́ткам, але пазне́й тым, хто праз яго наву́чаны, яно дае́ мірны плод пра́веднасці.
12. Таму ўмацу́йце апу́шчаныя ру́кі і аслабе́лыя кале́ні
13. і прамы́я сце́жкі рабíце нага́м вашым, каб кульга́вае не вы́віхнулася, а лепш ацалíлася.
14. Імкнíцеся да мíру з усімі і да свя́тасці, без якой ніхто не ўба́чыць Госпада;
15. будзьце пíльнымі, каб хто не стра́ціў благада́ці Божай; каб які го́ркі ко́рань, выраста́ючы, не нарабíў шко́ды і каб праз яго не апага́ніліся мно́гія;
16. каб не было́ сярод вас такога блудніка́ альбо́ бязбо́жніка, як Іса́ў, які за адну стра́ву адда́ў першаро́дства сваё.
17. Бо вы ве́даеце, што і пасля таго ён, жада́ючы ўнасле́даваць благаславе́нне, быў адве́ргнуты, таму што не знайшо́ў магчы́масці перамянíць рашэ́нне ба́цькі, хоць і шука́ў гэтага са слязьмí.
18. Вы ж наблíзіліся не да гары́, да якой можна дакрану́цца, не да агню́ пала́ючага, і змро́ку, і це́мры, і бу́ры,
19. не да тру́бнага гу́ку і гуча́ння слоў, пачу́ўшы якія, усе прасíлі, каб нічога больш да іх не прамаўля́лася,
20. бо яны не маглі вы́трываць таго, што было́ зага́дана: «нават калі звер дакране́цца да гары́, ён будзе пабíты камяня́мі (альбо праця́ты страло́ю)»;
21. і такім стра́шным было́ гэтае відо́вішча, што Маісе́й сказа́ў: «я ў стра́ху і трымце́нні».
22. А наблíзіліся вы да гары́ Сіён і да горада Бога жыво́га, да нябе́снага Іерусалíма і да незлічо́нага мно́ства А́нгелаў,
23. да ўрачы́стага сабо́ру і Царквы́ пе́ршынцаў, запíсаных на нябёсах, і да Суддзí ўсіх — Бога, і да ду́хаў пра́веднікаў, якія дасягну́лі даскана́ласці,
24. і да Пасрэ́дніка новага запаве́ту — Іісуса, і да Крывí акрапле́ння, якая прамаўля́е лепш, чым А́велева.
25. Глядзíце, не адмаўля́йцеся слу́хаць Таго, Хто гаво́рыць. Бо калі не пазбе́глі пакара́ння тыя, што адмо́віліся слу́хаць таго, хто прамаўля́ў на зямлí, то тым больш не пазбе́гнем мы, калі адве́рнемся ад Таго, Хто прамаўля́е з нябёс,
26. Таго, Чый голас тады́ пахісну́ў зямлю́ і Хто цяпер паабяца́ў, ка́жучы: «яшчэ́ раз пахісну́ не толькі зямлю́, але і не́ба».
27. А сло́вы «яшчэ́ раз» азнача́юць перамяне́нне таго, што будзе пахíснута, як ство́ранае, каб застало́ся непахíснае.
28. Дык вось, прыма́ючы Царства непахíснае, будзем захо́ўваць благада́ць і ёю служы́ць Богу так, як Яму даспадо́бы, з набо́жнасцю і стра́хам,
29. таму што Бог наш — гэта агонь знішча́льны.