Пасланні Апосталаў і Апакаліпсіс
Да Яўрэяў Пасланне святога Апостала Паўла
Раздзел 11
1. Ве́ра ж — гэта перакана́насць у спадзява́ным і ўпэ́ўненасць у рэ́чах няба́чных.
2. Праз яе атрыма́лі све́дчанне про́дкі.
3. Ве́раю спазнаём, што сусве́т уладкава́ны сло́вам Божым, так што з няба́чнага ўзнíкла ба́чнае.
4. Ве́раю А́вель прынёс Богу ахвя́ру ле́пшую, чым Ка́ін; праз яе ён атрыма́ў све́дчанне, што ён пра́ведны, як засве́дчыў Бог пра дары́ яго; ёю і пасля́ сме́рці ён праця́гвае гавары́ць.
5. Ве́раю Яно́х перане́сены быў, так што не ўба́чыў сме́рці; і не знайшлі яго, таму што Бог перанёс яго. Бо ране́й, чым ён быў перане́сены, атрыма́ў ён све́дчанне, што дагадзíў Богу.
6. А без ве́ры дагадзíць Богу немагчы́ма; бо той, хто прыхо́дзіць да Бога, павíнен ве́рыць, што Ён ёсць, і тым, хто шука́е Яго, Ён дае́ ўзнагаро́ду.
7. Ве́раю Ной, бу́дучы апаве́шчаны пра яшчэ́ няба́чнае, з богабая́знасцю збудава́ў каўчэ́г для выратава́ння дому свайго; ёю асудзíў ён свет і стаў спадкае́мцам пра́веднасці па ве́ры.
8. Ве́раю Аўраа́м паслу́хаўся паклíкання ісці ў краіну, якую нале́жала яму́ атрыма́ць у спа́дчыну, і пайшоў, не ве́даючы, куды ідзе́.
9. Ве́раю пасялíўся ён на зямлí абетава́най, як на чужо́й, і жыў у шатра́х з Ісаа́кам і Іа́кавам, сунасле́днікамі таго ж абетава́ння;
10. бо ён чака́ў го́рада, які ма́е трыва́лыя падму́ркі, го́рада, ма́йстар і ствара́льнік якога — Бог.
11. Ве́раю і сама́ Са́рра, бу́дучы бяспло́днаю, атрыма́ла здо́льнасць зача́ць і насу́перак свайму ўзро́сту нарадзíла, бо ве́дала, што ве́рны Той, Хто абяца́ў.
12. А таму ад аднаго, і прыты́м амярцве́лага, нарадзíлася так многа, як зо́рак на не́бе і як пяску́ незлічо́нага на бе́разе мо́ра.
13. Усе яны паме́рлі ў ве́ры, не атрыма́ўшы абяца́нага, а толькі здалёк ба́чылі яго, і віта́лі, і каза́лі пра сябе, што яны чужы́нцы і вандро́ўнікі на зямлí;
14. бо тыя, хто так гаво́рыць, ясна пака́зваюць, што шука́юць ба́цькаўшчыну.
15. І калі б яны ме́лі ў ду́мках тую, з якой вы́йшлі, то ў іх была́ б магчы́масць вярну́цца;
16. але цяпе́р яны імкну́цца да ле́пшага, гэта зна́чыць, да нябе́снага; таму і Бог не саро́меецца іх, называ́ючы Сябе іх Богам: бо Ён падрыхтава́ў ім горад.
17. Ве́раю Аўраа́м, прахо́дзячы выпрабава́нне, прынёс у ахвя́ру Ісаа́ка, і прыно́сіў адзінаро́днага ён, які атрыма́ў абетава́нні
18. і якому было́ ска́зана: «у Ісаа́ку будзе назва́на тваё пато́мства»;
19. бо ён думаў, што Бог ма́е сілу і з мёртвых уваскраша́ць, таму і атрыма́ў яго як во́браз уваскрасе́ння.
20. Ве́раю ў бу́дучыню Ісаа́к благаславíў Іа́кава і Іса́ва.
21. Ве́раю Іа́каў, паміра́ючы, благаславíў ко́жнага з сыно́ў Іосіфа і пакланíўся, абапіра́ючыся на верх жазла́ свайго.
22. Ве́раю Іо́сіф пры ско́не нагада́ў пра вы́хад сыно́ў Ізра́ілевых і даў нака́з нако́нт касце́й сваіх.
23. Ве́раю Маісе́й пасля́ нараджэ́ння быў хава́ны тры ме́сяцы бацька́мі сваімі; бо яны ба́чылі, што дзіця́ прыго́жае, і не пабая́ліся ца́рскага зага́ду.
24. Ве́раю Маісе́й, ста́ўшы даро́слым, адмо́віўся называ́цца сы́нам дачкí фарао́навай,
25. і пажада́ў лепш паку́таваць з народам Божым, чым мець часо́вае грахо́ўнае задавальне́нне,
26. і палічы́ў, што цярпе́ць знява́гі дзе́ля Хрыста — бо́льшае бага́цце, чым егíпецкія ска́рбы; бо ён глядзе́ў на бу́дучую ўзнагаро́ду.
27. Ве́раю пакíнуў ён Егіпет, не пабая́ўшыся гне́ву ца́рскага; бо ён, бы́ццам ба́чачы Няба́чнага, быў цвёрдым.
28. Ве́раю здзе́йсніў ён па́сху і акрапле́нне крывёю, каб вынішча́льнік пе́ршынцаў не крану́ў іх.
29. Ве́раю перайшлí яны Чырво́нае мо́ра, як па су́шы, што паспрабава́лі зрабíць Егіпця́не — і патану́лі.
30. Ве́раю ру́хнулі сце́ны Іерыхо́нскія пасля́ сямідзённага абхо́ду вако́л іх.
31. Ве́раю Раа́ў-блуднíца, з мíрам прыня́ўшы выве́днікаў (і правёўшы іх іншай дарогаю), не загíнула з няве́рнымі.
32. І што яшчэ́ скажу́? Не хопіць мне ча́су, каб раска́зваць пра Гедэо́на, Вара́ка і Самсо́на, пра Іефа́я, Давíда і Самуíла, і іншых праро́каў,
33. якія ве́раю скара́лі царствы, вяршы́лі справядлівасць, атры́млівалі абяца́нае, закрыва́лі па́шчы львам,
34. гасíлі сілу агню, пазбяга́лі вастрыя́ мяча, станавíліся ду́жымі пасля не́мачы, былí мо́цнымі на вайне, праганя́лі во́йскі чужы́нцаў;
35. жанчы́ны атры́млівалі паме́рлых сваіх уваскрэ́слымі; а іншыя заму́чаны былí, адмо́віўшыся ад вызвале́ння, каб дасягну́ць уваскрасе́ння ў ле́пшае жыццё;
36. іншыя перане́слі здзекі і пабоі, а таксама зняво́ленне і цямнíцу,
37. былí пабíты камяня́мі, былí перапілава́ны, катава́ны, паміра́лі, забíтыя мячо́м, блука́лі ў аве́чых і казíных ску́рах, цярпе́лі няста́чы, уціск, злобу;
38. тыя, каго не ва́рты быў увесь свет, блука́лі па пусты́нях, і гара́х, і пячо́рах, і цяснíнах зямны́х.
39. І ўсе яны, хоць і заслужы́лі пахвалу́ за ве́ру, не атрыма́лі абяца́нага,
40. таму што Бог прадугле́дзеў для нас не́шта ле́пшае, каб яны не без нас дасягну́лі даскана́ласці.