Пасланні Апосталаў і Апакаліпсіс
Да Яўрэяў Пасланне святога Апостала Паўла
Раздзел 10
1. Таму што закон, ма́ючы цень бу́дучых дабро́т, а не сам во́браз рэ́чаў, адны́мі і тымі ж ахвя́рамі, якія кожны год пастая́нна прыно́сяцца, ніколі не можа зрабіць даскана́лымі тых, што прыхо́дзяць з імі.
2. Інакш пераста́лі б прыно́сіць іх, бо тыя, што выко́нваюць служэ́нне, бу́дучы адзін раз ачы́шчанымі, не ме́лі б ужо нія́кага ўсведамле́ння грахоў.
3. Наадваро́т, ахвя́ры нага́дваюць пра грахí штогод,
4. бо немагчы́ма, каб кроў быко́ў і казло́ў знішча́ла грахí.
5. Таму Хрыстос, увахо́дзячы ў свет, ка́жа: «ахвя́ры і прынашэ́ння Ты не пажада́ў, а ўгатава́ў Мне це́ла;
6. усеспале́нняў і ахвя́р за грэх не ўпадаба́ў Ты.
7. Тады Я сказаў: вось, іду, як у пача́тку кнігі напíсана пра Мяне, каб вы́канаць волю Тваю, Божа».
8. Сказа́ўшы перш, што «ні ахвя́ры, ні прынашэ́ння, ні ўсеспале́нняў, ні ахвя́ры за грэх, якія прыно́сяцца паво́дле закону, не пажада́ў і не ўпадаба́ў Ты»,
9. Ён по́тым дада́ў: «вось, іду, каб вы́канаць волю Тваю, Божа». Ён адмяня́е першае, каб пастанавíць другое.
10. Па гэтай волі мы асвячо́ны прынашэ́ннем це́ла Іісуса Хрыста раз назаўжды́.
11. І кожны свяшчэ́ннік штодзе́нь стаíць, слу́жачы і шмат разоў прыно́сячы адны і тыя ж ахвя́ры, якія ніколі не могуць зняць грахí.
12. А Ён, прынёсшы адну ахвя́ру за грахí, назаўсёды сеў правару́ч Бога,
13. чака́ючы з таго часу, паку́ль во́рагі Яго будуць пакла́дзены «ў падно́жжа ног Яго»;
14. бо адным прынашэ́ннем Ён назаўсёды зрабіў даскана́лымі тых, хто асвяча́ецца.
15. Пра гэта све́дчыць нам і Дух Святы́, бо ска́зана:
16. «вось запаве́т, які Я заключу́ з імі пасля тых дзён, ка́жа Гасподзь: укладу́ законы Мае́ ў сэ́рцы іх, і ў ду́мках іх напішу́ іх», а потым:
17. «і грахо́ў іх і беззако́нняў іх не згада́ю больш».
18. А дзе ёсць прабачэ́нне грахо́ў, там не патрэ́бна прынашэ́нне за грэх.
19. Дык вось, браты́, ма́ючы адва́гу ўвахо́дзіць у свяцíлішча дзя́куючы Крывí Іісуса Хрыста, шля́хам но́вым і жывы́м,
20. які Ён зноў адкры́ў нам праз засло́ну, гэта зна́чыць, праз Плоць Сваю,
21. і ма́ючы Свяшчэ́нніка вялíкага над до́мам Божым,
22. будзем прыступа́ць са шчы́рым сэ́рцам, у паўнаце́ веры, ачы́сціўшы сэ́рцы ад ліхо́га сумле́ння і абмы́ўшы це́ла вадо́ю чы́стаю,
23. будзем трыма́цца вызна́ння надзе́і непахíсна, бо ве́рны Той, Хто абяца́ў;
24. і будзем ува́жлівымі адно да аднаго, заахво́чваючы да любові і добрых спраў;
25. не будзем пакіда́ць схо́ду нашага, як гэта для некато́рых стала звы́чаем, а будзем падтры́мліваць адно аднаго, і тым больш, чым бліжэ́й вы ба́чыце дзень той.
26. Бо калі мы, атрыма́ўшы пазна́нне ісціны, па сваёй волі грашы́м, то ўжо больш няма́ ахвя́ры за грахí,
27. а застае́цца не́йкае стра́шнае чака́нне суду́ і лю́тасць агню́, гато́вага пажэ́рці супрацíўных.
28. Калі таго, хто адкíнуў закон Маісе́еў, пры двух альбо трох све́дках без лíтасці кара́юць сме́рцю,
29. нако́лькі ж цяжэ́йшага, ду́маеце вы, пакара́ння ва́рты будзе той, хто зневажа́е Сына Божага, і не прызнае́ за святы́ню Кроў запаве́ту, якою быў асвячо́ны, і Ду́ха благада́ці абража́е?
30. Бо мы ве́даем Таго, Хто сказа́ў: «по́мста — Мая́, Я адплачу́, ка́жа Гасподзь». І яшчэ́: «Гасподзь будзе судзíць народ Свой».
31. Стра́шна тра́піць у ру́кі Бога жыво́га!
32. Успо́мніце ж ране́йшыя дні вашы, калі вы, бу́дучы прасве́тленымі, вы́стаялі ў вялíкім по́дзвігу паку́т,
33. ці самі падляга́ючы прылю́дным знява́гам і му́кам, ці тое ж падзяля́ючы з íншымі;
34. бо вы і маім кайдана́м спагада́лі, і рабава́нне сваёй маёмасці прыма́лі з ра́дасцю, ве́даючы, што ёсць у вас на нябёсах маёмасць ле́пшая і ве́чная.
35. Дык не пакіда́йце спадзява́ння вашага, якому нале́жыць вялікая ўзнагаро́да.
36. Сто́йкасць патрэ́бна вам, каб, вы́канаўшы волю Божую, атрыма́ць абяца́нае;
37. бо «яшчэ тро́хі, зусíм крыху́, і Той, Хто ма́е прыйсцí, пры́йдзе і не запо́зніцца.
38. Пра́ведны ж ве́раю жыць будзе; а калі хто адсту́піцца, не ўпадаба́е яго душа́ Мая́».
39. Але мы не з тых, хто адступа́ецца на пагíбель, а стаíм у ве́ры дзе́ля ўратава́ння душы́.