Пасланні Апосталаў і Апакаліпсіс
Да Яўрэяў Пасланне святога Апостала Паўла
Раздзел 1
1. Бог, Які шмат разо́ў і мно́гімі спо́сабамі здаўна́ прамаўля́ў да бацько́ў нашых праз праро́каў,
2. у гэтыя апо́шнія дні прамо́віў нам праз Сы́на, Якога паста́віў спадкае́мцам усяго, праз Якога і вякí ствары́ў.
3. Ён, бу́дучы ззя́ннем сла́вы і адлюстрава́ннем істо́ты Яго і трыма́ючы ўсё сло́вам сíлы Сваёй, здзе́йсніўшы Сабою ачышчэ́нне грахо́ў нашых, сеў правару́ч прасто́ла ве́лічы ў вы́шніх,
4. насто́лькі пераўзыхо́дзячы А́нгелаў, нако́лькі выда́тнейшае за іх унасле́даваў імя́.
5. Бо каму з А́нгелаў калі-не́будзь сказа́ў Бог: «Ты Сын Мой, Я сёння нарадзíў Цябе»? І яшчэ́: «Я буду Яму Айцом, і Ён будзе Мне Сы́нам»?
6. Такса́ма, калі ўво́дзіць Першаро́днага ў свет, ка́жа: «і няхай пакло́няцца Яму ўсе А́нгелы Божыя».
7. Пра А́нгелаў ска́зана: «Ты ро́біш А́нгеламі Сваімі ду́хаў і служы́целямі Сваімі — по́лымя во́гненнае».
8. А пра Сы́на: «прасто́л Твой, Божа, у век ве́ку; жазло́ ца́рства Твайго — жазло́ справядлíвасці.
9. Ты ўзлюбíў пра́веднасць і ўзненавíдзеў беззако́нне; таму пама́заў Цябе, Божа, Бог Твой але́ем ра́дасці больш за супо́льнікаў Тваіх»;
10. і: «у пача́тку Ты, Госпадзі, заснава́ў зямлю́, і нябёсы — спра́ва рук Тваіх;
11. яны загíнуць, а Ты застане́шся; і ўсе, як адзе́жа, саста́рацца,
12. і, як во́пратку, зго́рнеш іх, і яны зме́няцца; а Ты — той самы, і гады́ Твае не ско́нчацца».
13. Каму з А́нгелаў сказа́ў калі-не́будзь Бог: «сядзí правару́ч Мяне, паку́ль пакладу́ во́рагаў Тваіх у падно́жжа ног Тваіх»?
14. Хіба́ не ўсе яны — службо́выя ду́хі, пасла́ныя на служэ́нне дзе́ля тых, якія ма́юць унасле́даваць спасе́нне?