Пасланні Апосталаў і Апакаліпсіс
Да Гала́таў Пасланне святога Апостала Паўла
Раздзел 6
1. Браты́! калі і ўпадзе́ чалаве́к у не́йкае саграшэ́нне, вы, духо́ўныя, папраўля́йце такога ў ду́ху лаго́ды, пільну́ючы кожны сябе́, каб не быць спаку́шаным.
2. Насíце цяжа́ры адзін аднаго, і гэ́так вы́канаеце закон Хрыстоў.
3. Бо хто лíчыць сябе не́чым, бу́дучы нічы́м, той ашу́квае само́га сябе.
4. Кожны няхай вывяра́е свае́ дзе́янні, і тады будзе мець падста́ву для пахвалы́ толькі ў самíм сабе, а не ў іншым,
5. бо кожны панясе́ сваю но́шу.
6. Той, каго настаўля́юць сло́вам, няхай дзе́ліцца ўсякім дабром з тым, хто настаўля́е.
7. Не ашу́квайце сябе: Бог асмяя́ны быць не можа. Што пасе́е чалаве́к, тое і пажне́:
8. хто се́е ў плоць сваю, той ад пло́ці пажне́ тле́ннасць; а хто се́е ў дух, той ад ду́ха пажне́ жыццё ве́чнае.
9. Ро́бячы дабро, не бу́дзем па́даць ду́хам, бо ў свой час пажнём, калі не аслабе́ем.
10. Дык вось, паку́ль ёсць час, бу́дзем рабíць дабро ўсім, а найбо́льш сваім аднаве́рцам.
11. Ба́чыце, як многа напіса́ў я вам сваёю руко́ю.
12. Тыя, што хо́чуць падаба́цца паво́дле пло́ці, прымуша́юць вас абрэ́звацца толькі дзе́ля таго, каб ім пазбе́гнуць гане́нняў за крыж Хрыстоў,
13. бо і самі абрэ́заныя не выко́нваюць закону, але хо́чуць, каб вы абрэ́зваліся, каб пахвалíцца ў вашай пло́ці;
14. а я не хачу́ хвалíцца нічы́м, а толькі кры́жам Госпада нашага Іісуса Хрыста, Якім для мяне свет распя́ты, і я для све́ту.
15. Бо ў Хрысце Іісусе не ма́е значэ́ння ні абрэ́занне, ні неабрэ́занне, а новае стварэ́нне.
16. І ўсім, хто трыма́ецца гэтага пра́віла, мір ім і міласць, і Ізра́ілю Божаму.
17. У аста́тнім няха́й ніхто не турбу́е мяне, бо я нашу́ ра́ны Госпада Іісуса на це́ле маім.
18. Благада́ць Госпада нашага Іісуса Хрыста з ду́хам вашым, браты́. Амінь.