Пасланні Апосталаў і Апакаліпсіс
Да Гала́таў Пасланне святога Апостала Паўла
Раздзел 5
1. Дык сто́йце ж у свабо́дзе, дзе́ля якой Хрыстос вы́зваліў нас, і не аддава́йце сябе́ зноў у ярмо́ ра́бства.
2. Вось, я, Павел, кажу вам: калі вы бу́дзеце абрэ́звацца, то не бу́дзе вам нія́кае кары́сці ад Хрыста.
3. Яшчэ све́дчу ко́жнаму чалаве́ку, які абрэ́зваецца, што ён павíнен вы́канаць увесь закон.
4. Вы, якія апра́ўдваеце сябе законам, засталíся без Хрыста, адпа́лі ад благада́ці,
5. а мы ду́хам з надзе́яй чака́ем пра́веднасці ад ве́ры.
6. Бо ў Хрысце Іісусе не ма́е сíлы ні абрэ́занне, ні неабрэ́занне, а ве́ра, якая дзе́йнічае праз любоў.
7. Вы бе́глі добра: хто спынíў вас, каб вы не скара́ліся íсціне?
8. Гэтае ўздзе́янне не ад Таго, Хто закліка́е вас.
9. Мала́я заква́ска ўсё це́ста заква́швае.
10. Адно́сна вас я ўпэ́ўнены ў Госпадзе, што вы не бу́дзеце ду́маць іна́кш; а той, хто се́е сму́ту сярод вас, панясе́ асуджэ́нне, хто б ён ні быў.
11. Я ж, браты́, калі б усё яшчэ прапаве́даваў абрэ́занне, то за што б мяне гна́лі яшчэ? тады б знíкла спаку́са крыжа́.
12. Няхай аско́пяць сябе тыя, што се́юць сму́ту сярод вас!
13. Вы ж да свабо́ды заклíканы, браты́, каб толькі свабо́да тая не была́ дагаджа́ннем пло́ці; а вы любоўю служы́це адзін аднаму.
14. Бо ўвесь закон у адны́м высло́ўі змяшча́ецца: «любí блíжняга твайго, як само́га сябе́».
15. Калі ж вы адзін аднаго́ куса́еце і з’яда́еце, то глядзíце, каб адзін адны́м не былí вы знíшчаны.
16. Я кажу́: жывíце паво́дле ду́ху, і вы не бу́дзеце выко́нваць пажа́днасцей пло́ці;
17. бо плоць жада́е таго, што супрацíўнае ду́ху, а дух — таго, што супрацíўнае пло́ці: яны адно аднаму супрацьстая́ць, каб вы не тое рабíлі, чаго хаце́лі б.
18. Калі ж вы ду́хам кіру́ецеся, то вы не пад зако́нам.
19. Учы́нкі пло́ці вядо́мы, вось яны: пралюбадзе́йства, блуд, нечыстата́, разбэ́шчанасць,
20. ідаласлужэ́нне, чарадзе́йства, варо́жасць, сва́ркі, за́йздрасць, гнеў, зва́ды, раздо́ры, спаку́сы, е́расі,
21. няна́вісць, забо́йствы, п’я́нства, бясчы́нствы і таму падо́бнае; папярэ́джваю вас, як і ране́й папярэ́джваў, што тыя, хто робіць так, Царства Божага не ўнасле́дуюць.
22. Плод жа ду́ху: любоў, радасць, мір, доўгацярплíвасць, до́брасць, міласэ́рнасць, вера,
23. лаго́днасць, устры́манасць. На такіх няма закону.
24. Тыя ж, якія нале́жаць Хрысту, распя́лі це́ла са страсця́мі і пажа́днасцямі.
25. Калі мы жывём ду́хам, то паво́дле ду́ху і ўчы́нкі рабіць павíнны.
26. Не бу́дзем ганары́цца сабо́ю, адзін аднаго раздражня́ць, адзін аднаму зайздро́сціць.