Пасланні Апосталаў і Апакаліпсіс
Да Гала́таў Пасланне святога Апостала Паўла
Раздзел 4
1. Яшчэ́ скажу́: спадкае́мец у той час, паку́ль ён дзіця́, нічы́м не адро́зніваецца ад раба́, хоць ён і гаспада́р усяго:
2. ён пад апекуна́мі і домаўпра́ўнікамі да ча́су, прызна́чанага ба́цькам.
3. Гэ́так і мы, калі былí дзе́цьмі, то былí ў ра́бстве ў стыхíй све́ту;
4. а калі прыйшла́ паўната́ ча́су, Бог пасла́ў Сы́на Свайго Адзінаро́днага, Які нарадзíўся ад жанчы́ны, нарадзíўся пад зако́нам,
5. каб вы́купіць падзако́нных, каб мы атрыма́лі ўсынаўле́нне.
6. А пако́лькі вы — сыны́, то пасла́ў Бог у сэ́рцы вашы Ду́ха Сы́на Свайго, Які ўскліка́е: А́вва, Ойча!
7. Таму ты ўжо не раб, а сын; калі ж сын, то і спадкае́мец Божы праз Іісуса Хрыста.
8. Але тады, не ве́даючы Бога, вы былí раба́мі тых, што па прыро́дзе не багí;
9. цяпер жа, спазна́ўшы Бога, а лепш сказаць, спазна́ныя Богам, наво́шта вы вярта́ецеся зноў да сла́бых і нікчэ́мных стыхíй, у якіх хо́чаце зноў, як ране́й, стаць раба́мі?
10. Вы зважа́еце на дні, ме́сяцы, по́ры і гады́.
11. Баю́ся за вас, ці не ма́рна я працава́ў для вас.
12. Прашу́ вас, браты́, будзьце, як я, таму што і я, як вы. Вы нічы́м не пакры́ўдзілі мяне:
13. вы ве́даеце, што я ў не́мачы пло́ці дабраве́сціў вам першы раз,
14. але вы да спакушэ́ння майго́ ў пло́ці маёй не адне́сліся з пага́рдай і не пагрэ́бавалі, а прынялí мяне як Ангела Божага, як Хрыста Іісуса.
15. Якімі ж вы былí блажэ́ннымі! Све́дчу пра вас, што, калі б можна было́, вы б во́чы свае вы́рвалі і аддалí мне.
16. Дык што, няўжо́ я стаў во́рагам вашым, гаво́рачы вам пра́ўду?
17. Ру́пяцца пра вас не на дабро́, а хо́чуць вас адасо́біць, каб вы ру́піліся пра іх.
18. Добра б ру́піцца пра до́брае заўсёды, а не толькі тады, калі я прысу́тны сярод вас.
19. Дзеткі мае́, якіх я зноў у паку́тах нараджа́ю, паку́ль во́браз Хрыста не вы́явіцца ў вас!
20. Хаце́ў бы я цяпе́р быць у вас і па-íншаму ве́сці размо́ву, бо я ў недаўме́нні адно́сна вас.
21. Скажы́це мне вы, якія хо́чаце быць пад законам: хіба́ вы не слу́хаеце закону?
22. Бо напíсана: «Аўраа́м меў двух сыноў, аднаго́ ад рабы́ні, а друго́га ад свабо́днай».
23. Але той, што ад рабы́ні, нарадзíўся па пло́ці, а той, што ад свабо́днай, — паво́дле абяца́ння.
24. Тут ёсць іншасказа́нне. Гэта два запаве́ты: адзін ад гары́ Сіна́й, які нараджа́е для ра́бства, гэта Ага́р,
25. бо Ага́р азнача́е гару́ Сіна́й у Ара́віі і адпавяда́е цяпе́рашняму Іерусалíму, бо ён з дзе́цьмі сваімі ў ра́бстве;
26. а вы́шні Іерусалíм свабо́дны: ён — маці ўсім нам.
27. Бо напíсана: «узвесялíся, няпло́дная, якая не нараджа́ла; усклíкні і вы́гукні, ты, якая не паку́тавала ў ро́дах; бо намно́га больш дзяце́й у пакíнутай, чым у той, якая ма́е му́жа».
28. Мы, браты́, — дзе́ці абяца́ння, як Ісаа́к.
29. Але як тады́ наро́джаны па пло́ці гнаў наро́джанага па ду́ху, гэ́так і цяпе́р.
30. Што ж ка́жа Піса́нне? «Вы́гані рабы́ню і сы́на яе, бо сын рабы́ні не будзе спадкае́мцам ра́зам з сы́нам свабо́днай».
31. Дык вось, браты́, мы дзеці не рабы́ні, а свабо́днай.